Добрае веданне стратэгіі міграцыі і даступнасці месцаў адпачынку пад час пералётаў тых відаў птушак, якім пагражае знікненне, ёсць неабходным для выпрацоўкі і прымянення эфектыўных планаў па іх ахове. Польскія даследчыкі праверылі на аснове ранейшых публікацый, ці неабходныя месцы адпачынку вяртлявай чаротаўцы (Acrocephalus paludicola) у Сахары, ці птушкі могуць пралятаць пустыню без пасадкі?
У апошнія гады стала нашмат больш вядома і пра біялогію размнажэння, і пра міграцыйныя паводзіны вяртлявых чаротавак – віда, які мае міжнародны статус VU (Vulnerable - пагражаемы), колькасць і распаўсюджанне якога працягваюць скарачацца. На аснове зробленых раней публікацый быў падрыхтаваны агляд месцаў прыпынкаў, важных для віда пад час восеньскай міграцыі з месцаў гнездавання да месцаў зімоўкі. Усяго атрымалася выявіць 40 падобных месцаў у Заходняй Еўропе і 72 - ў Афрыцы. Гэты шлях міграцыі вяртлявых чаротавак атрымаў назву Атлантычнага.
На аснове ацэнкі энергетычных рэзерваў злоўленых у гэтых месцах чаротавак, даследчыкі разлічылі максімальна магчымую для птушак адлегласць безпасадачнага пералёту з розных месцаў масавага адпачынку чаротавак на Атлантычным міграцыйным шляху. Такім чынам правяралі гіпотэзу, што вяртлявыя чаротаўкі могуць за адзін палёт пераадолець Сахару. Аднак аказалася, што сярэдняя адлегласць вядомых на сёння безпасадачных пералётаў хутчэй звязаная з геаграфічным размяшчэннем месцаў адпачынку віда, аднак не залежыць ад узросту птушак і тыпу біятопаў у іх.
Асобіны, якіх адлавілі ў Францыі, маглі праляцець значна меншыя адлегласці без адпачынку, чым птушкі, адлоўленыя ў Партугаліі (у сярэднім адпаведна 612,7 і 857,5 км). Такім чынам, энергетычнага запасу ім хапіла б, каб пераадолець Гібралтарскі праліў, аднак не Сахару. Тым не менш, самыя цяжкія чаротаўкі тэарэтычна маглі праляцець без адпачынку нашмат большыя адлегласці: нават 2370 км для асобіны, адлоўленай у Францыі і 2000 км для птушкі з Партугаліі.
Праведзеныя разлікі адназначна дазваляюць сцвярджаць, што большасць вяртлявых чаротавак не можа без адпачынку пераадолець Сахару. Нешматлікія выключэнні яўна існуюць для самых “падрыхтаваных” чаротавак, якія ляцяць праз Партугалію. Аднак вельмі магчыма, што з-за вялікай розніцы паміж дняўнымі і начнымі тэмпературамі ў Сахары, чаротаўкі вымушаныя рабіць як мінімум адзін адпачынак на сваёй трасе пралёту недзе пасярод пустыні - каб перачакаць гарачыню і ляцець пераважна ноччу.
Унутры Сахары вядомыя шматлікія, невялікія па плошчы, месцы, дзе вераб’іныя птушкі могуць адпачнуць і, магчыма, падхарчавацца. Аднак змяншэнне іх колькасці і размяшчэння можа мець сур’ёзныя негатыўныя наступствы не толькі для вяртлявай чаротаўкі, але і многіх іншых відаў з падобнай стратэгіяй міграцыі.
Крыніца: D Jakubas and M Lazarus "Autumn Migration Strategy and Stop-Over Sites of the Globally Threatened Aquatic Warbler Acrocephalus paludicola on the Atlantic Flyway Migration Route," Acta Ornithologica 55(1), 23-37, (19 October 2020). https://doi.org/10.3161/00016454AO2020.55.1.003
Паводле www.bioone.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Сяргея Зуёнка
На гэтую тэму:
Дзе зімуюць і як туды ляцяць вяртлявыя чаротаўкі з Літвы і Паўночнай Беларусі
Самы смелы праект па выратаванні вяртлявай чаротаўкі паспяхова працягваецца
Ці ўсе вераб’іныя пралятаюць Сахару найкарацейшым шляхам?
Адкрыта самая працяглая міграцыя сярод вераб’іных птушак
Мышцы пералётных птушак – мара для культурыстаў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ