Першых вяртлявых чаротавак (Acrocephalus paludicola), перавезеных у мінулым годзе з беларускага балота Званец птушанятамі ў літоўскі рэзерват “Жувінтас” (Zuvintas) адзначылі сёлета ў Літве нечакана рана: на прыканцы красавіка і ў пачатку мая. Тады і стала зразумела, што смелы міжнародны праект па транслакацыі птушанят гэтага рэдкага віду птушак будзе паспяховым. Таму сёлетняя транслакацыя наступных 50 птушанят зможа не толькі ўмацаваць амаль зніклую літоўскую папуляцыю віда, але і распаўсюдзіць унікальны досвед на іншыя тэрыторыі і віды.
„З-за таго, што вераб’іныя птушкі часта не вяртаюцца на свае папярэднія гнездавыя тэрыторыі, цяжка прадказаць дзе яны з’явяцца ў наступны сезон. Таму мы з вялікай увагай выглядалі вяртлявых чаротавак, на якіх павесілі спецыяльныя каляровыя кольцы ў мінулым годзе. Калі ж я ўбачыў чаротаўку з зялёным кальцом на левай назе, якая на некалькі секунд затрымалася на сцябліне трыснягу перада мной, я спачатку зрабіў некалькі здымкаў, а потым ужо выдахнуў і цяжка дакладна апісаць пачуцці, якія мяне ахапілі. Зялёнае кальцо не застаўляла сумневаў – гэта наша птушка з транслакацыі!” – сказаў Жымантас Марквенас (Žymantas Morkvėnas), дырэктар Baltic Environmental Forum Lithuania і адзін з удзельнікаў вялікай каманды навукоўцаў і валанцёраў, якія рэалізуюць праект па ратаванні віду ў Літве.
У наступныя дні супрацоўнікі рэзервата адзначылі і іншых вяртлявых чаротавак на яго тэрыторыі, некаторыя з якіх былі з зялёнымі кольцамі. Гэта стала вырашальным момантам, які выразна сведчыў пра поспех цяжкай працы вялікай каманды з абодвух бакоў літоўскай мяжы па захаванні вяртлявай чаротаўкі.
„Хаця методыка транслакацыі, якую мы выкарыстоўвывалі, была заснаваная на паспяховых праектах для іншых відаў птушак, аднак наш непакой знік толькі пасля таго, як мы адзначылі першых чаротавак з кольцамі ў Жувінтасе” – сказаў Марквенас.
Від зімуе ў Заходняй Афрыцы і каб вярнуцца на месцы гнездавання ў Еўропу, пралятае каля 6 тысяч км у адзін бок. Таму шмат птушак гіне пад час гэтых падарожжаў і на зімоўцы і смяротнасць чаротавак пад час першага году жыцця пасля іх вылету з гнязда ў сярэднім складае 60%. Акрамя гэтага, зусім нялёгка знайсці тых птушак, якія вярнуліся, на нізінных балотах з-за пераважна сумерачнай спеўнай актыўнасці самцоў і вельмі скрытнага ладу жыцця самак.
Месцы гнездавання і зімоўкі, вядомыя шляхі сезонных міграцый і параўнальны памер папуляцый вяртлявай чаротаўкі.
„Добра вядомая тэндэнцыя, што маладыя птушкі, якія не хочуць канкурыраваць з больш старымі і дасведчанымі асобінамі, на наступны год пасля вылету з гнязда не вяртаюцца ў патэнцыйныя месцы гнездавання. Тым больш, гэтая вясна была вельмі сухой і гэта яўна не спрыяла вяртанню чаротавак у Жувінтас. На сухіх балотах самкі не змогуць знайсці дастакова ежы, каб пракарміць сябе і патомства, таму ў такіх месцах самцы не спяваюць і гэта дадаткова змяншала нашы шанцы на выяўленне птушак, якія маглі б вярнуцца. І тое, што мы ўсё ж знайшлі іх – вялікая ўдача” – сказаў Марквенас.
У мінулым червені 50 птушанят з беларускага заказніка “Званец” (дзе гняздуе найбольшая папуляцыя віду ў Свеце) былі прывезены ў літоўскі рэзерват “Жувінтас” і 49 з іх паспяхова пакінулі авіярыі, у якіх іх кармілі рознымі відамі безхрыбетных да вылету навукоўцы і валанцёры. Разлік быў на тое, што птушаняты запомняць як месца свайго нараджэння менавіта Жувінтас і яго наваколле і ў наступныя сезоны вернуцца гнездаваць менавіта сюды. Звычайна транслакацыя віда прымяняецца тады, калі толькі падтрыманне месцапражыванняў у добрым для гнездавання віду стане не дае чаканых вынікаў і мясцовая папуляцыя або знікае, або замалая і ізаляваная, каб мець магчымасць у бліжэйшыя гады падтрымаць сваю колькасць хаця б на тым самым узроўні.
Птушаняты вяртлявай чаротаўкі на новым месцы не галадаюць. Здымак з www.by.undp.org
Пад час транслакацыі, птушаняты ва ўзросце 7-10 дзён перавозяцца на новае, пасуючае месца гнездавання, дзе іх дагадоўвываюць людзі да таго часу, пакуль птушаняты не выляцяць і не змогуць самастойна знаходзіць сабе ежу. Ва ўзросце ад 30 да 50 дзён яны запамінаюць месца свайго вылету і потым стараюцца вярнуцца менавіта туды.
Звычайна калі хаця б 10% перамешчаных у новае патэнцыйнае месца гнездавання птушак вяртаюцца ў яго, праект па транслакацыі лічыцца паспяховым. Сёлета навукоўцы адзначылі ў рэзерваце ажно 6 пазначаных кольцамі птушак, таму праект можна лічыць надзвычай паспяховым, тым больш вярнуліся на балота і загнездавалі менавіта маладыя птушкі 2-га каляндарнага году жыцця.
Сёлетняя транслакацыя - не менш паспяховая
Пасля месяца інтэнсіўнага дагляду наступных 50 птушанят, перавезеных сёлета з Беларусі ў авіарыі “Жувінтаса”, вялікая каманда з амаль паўсотні супрацоўнікаў праектаў LIFE “Magni Ducatus Acrola“ і ПРААН-ГЭФ “Уэтландс” дасягнула іх 100% выжывальнасці. І пасля таго, як яны навучыліся самастойна знаходзіць ежу, іх канчаткова выпусцілі на нізінныя балоты рэзервата.
“Падрослыя птушаняты добра адаптаваліся да самастойнага жыцця. Час ад часу яны вярталіся ў авіарыі, каб з’есці насякомых, якіх мы ім там застаўлялі. Гэта менавіта тыя паводзіны, якія мы ад іх чакалі. Цяпер адбываецца працэс імпрынтынгу – яны запамінаюць наваколле як свой дом, куды павінны вярнуцца пасля зімоўкі ў Афрыцы” – сказаў Морквенас.
Так выглядаюць авіарыі на балотах рэзервата "Жувінтас".Здымак з www.by.undp.org
«Сёння мы ўжо можам сказаць, што дасягнулі максімальна магчымага выніку. Калі ўспомніць, што выжывальнасць птушанят у прыродзе каля 50%, гэта сапраўды ўражвае, бо нам атрымалася дасягнуць 100% іх выжывальнасці. Усё гэта стала вынікам інтэнсіўнай каманднай працы. Гэта другі год праекта па транслакацыі і мы ўлічылі досвед, атрыманы ў мінулым годзе. Я ўдзячны ўсім чальцам нашай міжнароднай каманды” – дадаў Марквенас.
Зараз эксперты разглядаюць магчымасць прымяніць паспяховы досвед, атрыманы ў праекце транслакацыі беларускіх вяртлявых чаротавак у Літву, для перасялення гэтага глабальна пагражаемага віду з Польшчы ў Германію, дзе ў апошнія гады адзначаюцца толькі адзінкавыя спяваючыя самцы і дзе без падобнай транслакацыі від напэўна знікне.
Маладая вяртлявая чаротаўка, якая пачала самастойнае жыццё на месцы транслакацыі. Здымак з www.by.undp.org
Падобны эскперымент быў праведзены ўпершыню ў Свеце – раней метад транслакацыі не прымянялі да вераб’іных птушак, якіх адносяць да далёкадыстанцыйных мігрантаў – такіх, як вяртлявыя чаротаўкі. Аўтар ідэі – беларускі арнітолаг Аляксандр Казулін, загадчык сектара міжнароднага супрацоўніцтва НВЦ па біярэсурсах НАН Беларусі і навуковы каардынатар праекту “Уэтландс”.
Беларускі заказнік “Званец” быў абраны як “донарская” тэрыторыя для праекту транслакацыі невыпадкова – гэта найбуйнейшае у Еўропе нізіннае асаковае балота, якое падтрымлівае і найвялікшую ў Свеце папуляцыю вяртлявай чаротаўкі, - тут адзначаны больш за 25% усіх спяваючых самцоў.
Варта падкрэсліць, што за мінулае стагоддзе вяртлявая чаротаўка, якая раней была распаўсюджана як мінімум у 20 краінах па ўсяму Еўрапейскаму кантыненту, з-за амаль поўнага асушэння нізінных балот у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе зменшыла сваю колькасць прыкладна на 95%. Зараз від гняздуе пастаянна толькі ў чатырох краінах: Беларусі, Польшчы, Украіне і Літве. Пры гэтым у нашай краіне знаходзіцца каля 43% глабальнай папуляцыі віду.
Паводле www.meldine.lt і www.by.undp.org (частка тэксту і некаторыя здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Верхні здымак – Сяргея Зуёнка
На гэтую тэму:
Вяртлявая чаротаўка стала зоркай тэлеэкранаў
Кожны 5 від птушак у Еўропе рэдкі або пад пагрозай знікнення: сярод іх нырок-сівак і нават лыска!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ