Мышцы пералётных птушак – мара для культурыстаў

Калі б нехта з нас хацеў прыняць удзел у марафоне, наўрацці б ён здолеў дабегчы да канца дыстанцыі без доўгіх папярэдніх трэніровак. Аднак тое, што ўяўляецца немагчымым для людзей, аказваецца, магчыма для птушак!

Міжнародная каманда навукоўцаў нядаўна апублікавала цікавы артыкул пра даследаванні міграцыі белашчокіх казарак (Branta leucopsis). Яны знайшлі, што 22 хвіліны палёту ў дзень хапае птушкам, каб трымаць “палётныя” мышцы ў дастатковай для доўгіх пералётаў кандыцыі і праляцець каля 2500 км з Арктыкі на месцы зімоўкі ў паўднёва-заходнюю Шатландыю. "Хутчэй за ўсё гэта будзе таксама праўдай для ўсіх мігрыруючых птушак” – сказаў д-р Стывен Португал (Dr Steven Portugal) з Брытанскага каралеўскага ветэрынарнага каледжу.

Навукоўцы ўжо даволі працяглы час ведалі, што мышцы крылаў, неабходныя для актыўнага палёту значна павялічваюцца перад пералётамі. Аднак як гэта адбываецца было невядома. Многія думалі, што птушкі вымушаны трэніраваць мышцы перад пачаткам пералётаў.

Аднак прыклады ад птушак, якія ўтрымліваліся ў няволі паказвалі, што гэта не так. Бо мышцы птушак павялічваліся або змяншаліся без сувязі з іх папярэднім ужываннем або наадварот – неўжываннем. Даследчыкі з Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Канады вырашылі прасачыць, ці шмат часу праводзяць дзікія белашчокія казаркі ў палёце перад тым, як пачынаюць сваю вясновую ці восеньскую міграцыю. Для гэтага ў 6 казарак запісваліся рытмы сэрца каб даведацца колькі часу яны праводзілі ў паветры.

"Па рытму сэрца птушак лёгка ўбачыць калі яны ляцяць. Калі казаркі на зямлі шукаюць ежу ці ядуць, іх сэрца б’ецца каля 80 раз у хвіліну. Ў палёце ж рытм павялічваецца да 400 удараў. Палёт – вельмі энергаёмкая дзейнасць, таму яны стараюцца абмежаваць яго” – сказаў д-р Португал. Упершыню для дзікіх птушак атрымалася прасачыць іх дзейнасць 24 гадзіны ў суткі на працягу ўсяго году.

Атрымалася, што казаркі не праводзілі больш часу ў палёце перад пачаткам міграцыі ў параўнанні з іншым часам  ці перыядам іх жыцця. Аднак гэта вельмі здзівіла навукоўцаў, бо казаркі пад час міграцыі ляцяць без перапынку па 24 гадзіны ў суткі і пераадольваюць 2500 км на працягу тыдня.

Аднак памер мышцаў павялічваўся як раз перад пачаткам міграцыі, што павялічвала неабходныя для палёту энергетычныя затраты, бо ўзрасла і ўся маса цела.

Іншыя даследчыкі знайшлі, што метабалізм птушак значна змяняецца – павялічваецца як раз перад міграцыяй. Аднак як менавіта павялічваецца маса мышцаў пакуль застаецца невядомым – хутчэй за ўсё гэта гарманальная рэгуляцыя і наступны крок павінен быць у гэтым кірунку фізіялогіі птушак.

Крыніца:

Steven J. Portugal, Jonathan A. Green, Craig R. White, Magella Guillemette & Patrick J. Butler (2011). Wild geese do not increase flight behaviour prior to migration. Biology Letters

 

 Паводле www.birdguides.com  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Белашчокая казарка ў ранішнім тумане на востраве Эланд (Швецыя). Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

На гэтую тэму:

Метабалізм птушак і звяроў рэгулюецца па-рознаму

Усе пяць брытанскіх зязюляў з перадатчыкамі ўжо ля экватару

Ці ўсе вераб’іныя пралятаюць Сахару найкарацейшым шляхам?

Новыя рэкорды куліка-каменешаркі

Доўгая дарога дадому

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

Незвычайныя птушыныя падарожжы

Знойдзены “ген міграцыі” птушак?

Польскі зімародак апынуўся ў ... Вялікабрытаніі!

Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак