Надзвычай цёплая пагода выклікала налёт рэдкіх свіргулёў у Еўропу

Большасць, калі не ўсе віды свіргулёў, выдатныя летуны, якія могуць праляцець вялікія адлегласці на працягу кароткага часу. Аднак такі масавы і маштабны залёт розных рэдкіх відаў свіргулёў у Вялікабрытанію і іншыя краіны Паўночна-Заходняй Еўропы адзначаецца ўпершыню. Хутчэй за ўсё, ён звязаны з надзвычай цёплай для канца кастрычніка пагодай у гэтай частцы нашага кантыненту.

На працягу апошняга тыдня кастрычніка, з 24 па 31.10.2022 г., стала вядома пра агулам 71 рэгістрацыю бледных свіргулёў (Apus pallidus) у вельмі розных месцах амаль па ўсёй Вялікабрытаніі, а таксама ў Ірландыі, прычым назіранні на ўзбярэжжы ці недалёка ад іх яўна лідзіруюць. Не заўсёды птушак атрымлівалася вызначыць да віду, таму, магчыма рэгістрацый бледных свіргулёў было нават больш, таму што паведамленні пра назіранні бліжэй не вызначаных чорных/бледных свіргулёў за той жа тыдзень перавалілі за сотню:

мапа

У многіх выпадках і розных месцах былі адзначаны адначасова 2 ці 3 бледных свіргулі, а ў мясцовасцях West Runton (Norfolk), Dunbar (Lothian), St Abbs Head (Borders), Buckton (East Yorkshire) назіралі групы і з 4 свіргулёў гэтага віду.

Акрамя гэтага, 30.10 у мясцовасці Brean Down (графства Somerset, Вялікабрытанія) быў адзначаны малы свіргуль (A. аffinis). Але сапраўдныя сенсацыі адбыліся ў Нідэрландах, дзе ў мясцовасці Schiermonnikoog 26.10 быў зарэгістраваны першы для краіны кафрскі свіргуль (A. сaffer). А ўжо праз 2 дні, над востравам Vlieland (таксама ў Нідэрландах), назіралі групу ажно з 14 бледных свіргулёў!

Гэты ‘налёт’ звязваюць з амаль не маючымі прэцэндзентаў у Еўропе для канца кастрычніка ўмовамі цёплага надвор’я. Гэта было выклікана перамяшчэннем масы паветра з нізкім ціскам з паўночна-усходняй Атлантыкі на захад Еўропы, а на змену прыйшло цёплае паветра з Паўночнай Афрыкі і Канарскіх астравоў, якое і выклікала пагоду, якая вельмі падобная на жнівеньскую.

---------------------------------------------------

Нагадаем, што ніводзін з вышэйпералічаных відаў у Беларусі яшчэ не быў адзначаны.

Паводле www.birdguides.com (тэкст і мапа назіранняў) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак бледнага свіргуля з www.ebird.org

 

 

На гэтую тэму:

5 тысяч км за 5 сутак – гэта чорны свіргуль!

Новыя рэкорды чорных свіргулёў пад час міграцыі

Свіргулі: народжаныя, каб жыць у паветры

Даказана: свіргулі могуць праводзіць у паветры па 10 месяцаў без пасадкі