Новыя рэкорды чорных свіргулёў пад час міграцыі

Дзякуючы сучасным мініятурным прыладам мы ўсё больш даведваемся пра надзвычайныя фізічныя здольнасці птушак, якія яны дэманструюць асабліва пад час міграцыйных пералётаў. Чорныя свіргулі (Apus apus) ужо даказалі свой статус адной з самых хуткіх сучасных птушак – калі не самай хуткай, а цяпер атрымалася паказаць, што яны могуць пераадольваць вялікія адлегласці за рэкордна кароткі час, які значна пераўзыходзяць атрыманыя раней дадзеныя.

Susanne Åkesson і яе калегі з універсітэту Лунда (Швецыя) з дапамогай мініятурных геалакатараў даследуюць розныя аспекты жыцця чорных свіргулёў апошнія гады, і раней паказалі, што як мінімум некаторыя з гэтых птушак могуць праводзіць у паветры без пасадкі нават да 10 месяцаў. У апошняй публікацыі арнітолагі змаглі агучыць новыя дадзеныя – пра адны з самых рэкордных па камбінацыі “працягласць і хуткасць” вынікаў міграцыі свіргулёў да месцаў гнездавання ў Швецыі.

Аказалася, што свіргулі ляцяць вясной да месцаў гнездавання з сярэдняй хуткасцю 570 км у суткі, аднак максімальная хуткасць можа быць значна большай і рэкордная была больш, чым 830 км у суткі на працягу 9 сутак запар!

"Мы знайшлі, што свіргулі, якія гняздуюць у самай паўночнай частцы еўрапейскага арэалу, дэманструюць самую  хуткую міграцыю сярод усіх, вядомых нам” – сказала Åkesson. "Птушкі маюць да пераадолення каля 8 тысяч км у адзін бок і пераадольваюць іх вясной з выкарыстаннем змешанай стратэгіі міграцыі. Гэта значыць, што яны кожны дзень непрацяглы час харчуюцца пад час пералётаў да месцаў гнездавання”.

Падобная стратэгія дазваляе ім значна зменшыць “кошты” пералёту і не ляцець са значным запасам энергіі ў выглядзе дадатковай вагі, што дазваляе таксама развіваць і большую хуткасць палёту.

Акрамя гэтага, хутчэй за ўсё свіргулі таксама прыстасоўваюць свае пералёты да часу, калі ў бліжэйшыя дні ў патрэбным ім кірунку будуць дзьмуць спадарожныя вятры. “Гэта значыць, што яны рэагуюць не непасрэдна на спадарожныя вятры ў месцы, адкуль пачынаюць пералёт да месцаў гнездавання, а хутчэй разлічваюць, што такія вятры будуць у наступныя дні” – сказала Åkesson.

Яшчэ незразумела як свіргулі могуць прадказваць падобныя вятры і іх кірунак на дні наперад, але магчыма, што яны адчуваюць змену ціску паветра і кірунак руху цыклону ці анціцыклону. Паводле атрыманых дадзеных, спадарожныя вятры асабліва патрэбныя свіргулям пад час пералётаў над Сахарай і Міжземным морам і пад час вясновай міграцыі даюць выйгрыш да 20% у яе хуткасці ў параўнанні з восеньскай.

"Хаця звычайна хуткасць палёту свіргулёў цяжка назваць выключнай (прыкладна 10 м/c) у параўнанні з іншымі пералётнымі птушкамі, аднак пералічаныя вышэй паводзіны дазваляюць значна павялічыць агульную хуткасць іх пералётаў” – сказала Åkesson.


Крыніца: iScience, Åkesson & Bianco: "Wind-assisted sprint migration in northern swifts"www.cell.com/iscience/fulltext … 2589-0042(21)00442-9DOI: 10.1016/j.isci.2021.102474

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Мікалая Вераб’я

 

 

На гэтую тэму:

Свіргулі: народжаныя, каб жыць у паветры

Свіргулі не баяцца непагадзі

Даказана: свіргулі могуць праводзіць у паветры па 10 месяцаў без пасадкі

Чорны свіргуль – Need for Speed!

Разгадана загадка, якой больш за 150 год

Навукоўцы ўпершыню даказалі тое, пра што даўно здагадваліся – птушкі могуць спаць у палёце!

Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!