Дзякуючы сучасным мікраскапічным прыладам. яшчэ для аднаго віду свіргулёў атрымалася паказаць, што ў залежнасці ад асобіны, гэтыя птушкі могуць знаходзіцца ў паветры без пасадкі ад двух да трох з паловай месяцаў.
“Яны ядуць і спяць у паветры. Гэта падазравалі навукоўцы з 1950-х гадоў, а цяпер мы змаглі даказаць, што гэта так і ёсць” – сказаў Андэрс Гедэрстром (Anders Hedenström), прафесар універсітэту Лунда (Швецыя).
Тры гады таму, тая самая каманда даследчыкаў з Лунда паказала, што як мінімум некаторыя прадстаўнікі чорнага свіргуля (Apus apus) могуць праводзіць у паветры без пасадкі нават да 10 месяцаў – на сённяшні дзень гэты “рэкорд” застаецца непабітым.
У гэтым даследаванні Андэрс і яго калегі з універсітэту Лунда, а таксама Джованні Боано (Giovanni Boano) з Італіі, змаглі прымацаваць адмысловыя мікра-лоджэры на чатырох бледных свіргулей (Apus pallidus). Прылады запісвалі рух птушак кожныя пяць хвілін і іх месцазнаходжанне раз у месяц. Такім чынам, пасля пераадлову птушак на месцах гнездавання ў Італіі, было паказана, што свіргулі могуць месяцамі знаходзіцца выключна ў паветры пад час зімніх месяцаў, якія яны праводзілі ў Заходняй Афрыцы.
"Яны прызямляюцца для гнездавання пад дахам або ў іншай нішы адпаведнага памеру, а ўвесь іншы час могуць праводзіць у паветры. Калі патрэба прызямляцца знікае – пад час міграцыі і зімоўкі, птушкі могуць падымацца параўнальна высока ў паветры і там спаць кароткімі перыядамі” – сказаў праф. Гедэнстром.
Адрозненні ў гнездаванні тлумачаць, чаму бледныя свіргулі не праводзяць без пасадкі па 10 месяцаў запар – як гэта робяць іх крэўныя чорныя свіргулі. Справа ў тым, што яны гняздуюць двойчы за сезон, а чорныя свіргулі – толькі раз.
"Тым не менш, прынцыпова гэта нічога не змяняе. Абодва віды прыстасаваныя да жыцця ў паветры і “створаны” для таго, каб максімальна змяншаць энергію, неабходную для палёту”.
У параўнанні з птушкамі падобных памераў з іншых таксонаў, свіргулі маюць параўнальна доўгую працягласць жыцця. Навукоўцы лічаць, што гэта можа быць звязана з тым, што большую частку свайго жыцця яны праводзяць у паветры. Падобны лад жыцця змяншае магчымасць для большасці драпежнікаў падабрацца да іх незаўважанымі.
Крыніца:
Anders Hedenström et al. Flight activity in pallid swifts Apus pallidus during the non-breeding period, Journal of Avian Biology (2019). DOI: 10.1111/jav.01972
Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Даказана: свіргулі могуць праводзіць у паветры па 10 месяцаў без пасадкі
5 тысяч км за 5 сутак – гэта чорны свіргуль!
Чорны свіргуль – Need for Speed!
Свіргулі з Кітаю зімуюць ажно ў Паўднёвай Афрыцы
Самая хуткая птушка на Зямлі будзе Птушкай 2012 году ў Беларусі
Навукоўцы ўпершыню даказалі тое, пра што даўно здагадваліся – птушкі могуць спаць у палёце!
Знойдзена свіргулепадобная птушка, якой больш за 50 мільёнаў гадоў
ПТУШКІ СПЯЦЬ НЕ ТАК, ЯК ЗВЯРЫ?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ