Сокал-белазор знікае ў Ісландыі

Ісландзкая папуляцыя самага вялікага ў Свеце сокала, сокала-белазора (Falco rusticolus), за мінулае пяцігоддзе паказала драматычнае змяншэнне колькасці: з 2019 г. гняздуючых птушак на востраве стала менш на 45%.

Хаця маніторынг віда праводзіцца паслядоўна з 1981 году толькі ў самай важнай для віда паўночна-усходняй частцы Ісландыі, аднак знікненне пацверджваецца таксама іншымі лічбамі: колькасць сакалоў на зімоўцы тут зменшылася ў 2020-23 гг на 53%.

На сённяшні дзень прычына такіх хуткіх негатыўных зменаў колькасці невядомая. Некаторыя даследчыкі лічаць, што гэта можа быць птушыны грып (Highly Pathogenic Avian Influenza (HPAI)), які можа ўздзейнічаць на сакалоў як мінімум з 2021 году.

Колькасць птушак на гнездаванні сёлета аказалася самай нізкай за годы маніторынгу, да гэтага дадаўся вельмі няўдалы сезон размнажэння.

Згодна з навукоўцамі з Natural History Institute of Iceland, колькасць белазораў на востраве змяншаецца ў апошнія гады ў сярэднім на 11% штогод і таму прапанавана павялічыць ахоўны статус віда, які цяпер уваходзіць у групу ‘уразлівых’ (Vulnerable). Акрамя гэтага неабходна знайсці і прааналізаваць прычыны знікнення cакалоў і, адпаведна, прапанаваць неабходныя меры па іх ахове і магчымаму аднаўленню ў Ісландыі.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.britannica.com 

 

На гэтую тэму:

Пестыцыды зноў забіваюць драпежных птушак

У Грэнландыі знайшлі гняздо сокалаў-белазораў, якое займаецца імі на працягу 2500 гадоў!

Сокал-белазор перанёс сваё птушаня ў новае гняздо