Сокалы-белазоры (Falco rusticolus) – самыя вялікія сучасныя прадстаўнікі роду, якія гняздуюць у Арктыцы і могуць займаць тыя самыя месцы гнездавання і гнёзды нават тысячагоддзямі. Добра вядома, што сокалы самі не будуць гнёздаў і таму вымушаны займаць чужыя, звычайна гэта пабудовы рознага ўзросту крумкачовых птушак адпаведнага памеру. Выпадкі, калі гняздо падае або развальваецца пад час гнездавання (па розных прычынах), добра вядомыя для многіх відаў птушак. Аднак амаль невядома, што адбываецца пасля гэтага з жывымі птушанятамі.
Пад час даследаванняў камандай навукоўцаў з ЗША папуляцыі белазораў у Заходняй Алясцы ў 2014 г. на 10 гнёздах былі ўсталяваныя аўтаматычныя камеры, якія ўключаліся “на рух” і фатаграфавалі наступныя падзеі. Гняздо, якое было збудаванае крумкачом або касматаногім канюхом на кліфе, было занятае белазорамі і ў ім было адкладзена 4 яйкі. Адначасова вяліся непасрэдныя назіранні за гэтым гняздом праз трубу з вялікай адлегласці. І праз нейкі час было заўважана, што на гняздзе адсутнічаюць дарослыя птушкі больш 4 гадзін, што дало падставы сцвярджаць гібель кладкі або птушанят на ім. Аднак недалёка ад папярэдняга месца знаходжання гнязда адна з птушак прыляцела і стала паводзіць сябе як на новым гняздзе.
Пры праверцы гнязда аказалася, што большая яго частка з ссунулася і звалілася са скалы. Аднак адно з птушанят жывое сядзела ў іншым, больш старым гняздзе, на 2 м ніжэй і ў 5 м ад парярэдняга.
Пад час праверкі здымкаў з аўтаматычнай камеры аказалася, што менавіта гэтае птушанё самка ўзяла ў сваю дзюбу і перанесла ў новае месца! Гэта першы вядомы падобны выпадак як мінімум для драпежных птушак.
У літаратуры апісаны толькі адзін – не менш неверагодны- выпадак для белазораў: у Ісландыі пад час адсутнасці самкі на гняздзе марская чайка схапіла адно з яек белазораў. Пасля гэтага самка атакавала яе і схапіла лапай выпушчанае чайкай яйка ў паветры і вярнулася з ім у гняздо!
Падобныя незвычайныя назіранні даюць магчымасць больш шырока глядзець на магчымыя паводзіны птушак у нестандартных сытуацыях.
Крыніца:
Robinson B.W. et al. (2017) First record of nestling relocation by adult Gyrfalcons ( Falco rusticolus ) following nest collapse The Wilson Journal of Ornithology 129(1):216-221 · March 2017 DOI: 10.1676/1559-4491-129.1.216
Паводле www.researchgate.net падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
У Грэнландыі знайшлі гняздо сокалаў-белазораў, якое займаецца імі на працягу 2500 гадоў!
Начных драпежнікаў стала больш (дададзена відэа)
Падглядзець за жыццём вандроўнага сокала? – лёгка!
Сокал-балабан зноў у Беларусі!
Новый вид птиц для Беларуси «видели» только спутники?
Эвалюцыя вялікіх сакалоў адбывалася хутка
Сокал-балабан на пад’ёме дзякуючы арабскім шэйхам
Пестыцыды зноў забіваюць драпежных птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ