Пестыцыды зноў забіваюць драпежных птушак

Новы, і пакуль не забаронены пестыцыд, забівае драпежных птушак у ЗША. Гэта выклікае кепскія асацыяцыі з крызісам, выкліканым ўжываннем ДДТ у 1960-70-я гады. 

Апошняе даследаванне, выкананае на амерыканскай пустальзе (Falco sparverius) паказала, што радэнтацыд diphacinone, які шырока ўжываецца як замена старым і ўжо забароненым прэпаратам супраць грызуноў – хутка назапашваецца ў целе драпежных птушак, якія знаходзяцца на вяршынях харчовых пірамідаў. Вынікі такога назапашвання – як і ў выпадку з ДДТ – фатальныя для птушак.
Амерыканскія пустальгі, якія назапашвалі больш за 300 мг гэтага пестыцыду на 1 кг сваёй вагі, паміралі на працягу сутак. Калі канцэнтрацыя прэпарату была амаль у два разы меншай, птушкі паміралі на працягу двух наступных сутак. Меншыя дозы пестыцыду, але большыя за 79 мг на кг вагі таксама выклікалі смерць. Ці яшчэ меншыя канцэнтрацыі аказваюць негатыўны уплыў на фізіялогію і паводзіны птушак, падобныя на дзеянні ДДТ пакуль не вядома. 
 

Новы пестыцыд не мае смаку і мае запаволенае дзеянне, такім чынам пустальгі, якія лапаюць яшчэ жывых мышэй і пацукоў, атручаных гэтым прэпаратам, робяць гэта параўнальна лёгка і з’ядаючы свае ахвяры, атручваюцца самі. Diphacinone – гэта антыкаагулянт, які прыводзіць да ўнутраных кроватокаў, якія не спыняюцца натуральным шляхам, што ў рэшце рэшт вядзе да смерці. Знойдзеныя мёртвымі птушкі, атручаныя гэтым пестыцыдам, мелі рознай ступені ўнутраныя кроваізліянні, што можа сведчыць пра тое, што нават меншыя за летальную дозы паступова і няўхільна прыводзяць да іх гібелі. 


Рэшткі радэнтацыдаў былі знойдзены ў драпежных птушак у Францыі, Брытаніі і Канадзе. Таму гэтая праблема хутка можа стаць міжнароднай. 


Крыніца: Rattner, B, Horak, K, Warner, S, Day, D, Meteyer, C, Volker, S, Eisemann, J, and Johnston, J. 2011. Acute Toxicity, Histopathology, and Coagulopathy in American Kestrels (Falco sparverius) Following Administration of the Rodenticide Diphacinone. Environmental Toxicology and Chemistry DOI:10.1002/etc.490


Здымак самца амерыканскай пустальгі з www.pbase.com
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:

Азіяцкія грыфы зноў пад пагрозай знікнення

Чырвоны каршун апынуўся ў клопатах
 

Вандроўны сокал зноў загняздуе ў Беларусі


“Бязмоўная вясна”, або як забівае ДДТ
У 1873 годзе адзін з хімікаў вынайшаў новае рэчыва, якое пазней атрымала назоў ДДТ (дыхлора-дыфеніл-трыхлораэтан). Аднак яго сапраўдныя ўласцівасці былі выпадкова адкрыты толькі праз 65 гадоў. Швейцарскі хімік Поль Мюлер паспрабаваў ўздзейнічаць ДДТ на насякомых. У пачатку Другой Сусветнай вайны ДДТ сталі актыўна прымяняць для апрацоўкі адзення салдат, што рэзка знізіла іх смяротнасць ад тыфу і іншых хваробаў, якія пераносяцца насякомымі-эктапаразітамі. Параўнальна нізкія кошты прадукцыі, хімічная даўгавечнасць рэчыва ў прыродзе і нізкія канцэнтрацыі, якія паспяхова забівалі насякомых, гарантавалі прэпарату ашаламляльны поспех. З 1946 году ДДТ сталі шырока апрацоўваць сельскагаспадарчыя пасевы, а таксама вадаёмы, дзе размнажаліся малярыйныя камары. Хутка ён быў прызнаны “ідэальным інсектыцыдам” і ў 1948 годзе Мюлер  атрымаў за ДДТ Нобелеўскую прэмію.
Аднак праз некалькі год пачалося невытлумачальна хуткае знікненне некалькіх відаў драпежных птушак, асабліва заўважанае ў еўрапейскіх і паўночна-амерыканскіх краінах. У 1960-х гадах вандроўны сокал зусім знік як гняздуючая птушка з усходніх штатаў ЗША, а ў заходніх штатах да 1975 году яго колькасць ўпала на 90%. Такое ж катастрафічнае змяншэнне папуляцый гэтага віду адбылося і ў скандынаўскіх краінах у Еўропе. Нават у лясах Канады і тундрах Аляскі колькасць вандроўных сокалаў зменшылася напалову. Гэта выклікала вялікі шок у многіх людзей, бо лічылася, што запаведнасць такіх тэрыторыяў сама па сабе забяспечвае ўстойлівае існаванне жывых істотаў у іх.
У 1962 годзе ў ЗША выйшла кніга “Бязмоўная вясна”, напісаная амерыканскім біёлагам Рэйчал Карсан. Кніга выклікала сапраўдны выбух, бо дагэтуль лічылася, што ДДТ – гэта адно з найлепшых вынаходніцтваў чалавецтва. Тым часам як Карсан упершыню ставіла пад сумнеў шырокае выкарыстанне ДДТ ў навакольным асяроддзі без поўнага вывучэння магчымых наступстваў на дзікую прыроду і здароўе людзей. Аўтарка таксама пісала, што ДДТ і іншыя пестыцыды выклікаюць рак у людзей і наносяць вялікую шкоду дзікай прыродзе – асабліва, птушкам. Менавіта гэтая кніга і шматгадовая барацьба за забарону ДДТ сталі асновай для развіцця сучаснага грамадзкага руху за абарону навакольнага асяроддзя ў ЗША.


Ланцуг атруты
Чым жа небяспечнае ДДТ?
Па-першае, ДДТ і падобныя да яго хлорарганічныя пестыцыды - гэта вельмі стабільныя хімічныя злучэнні – яны шмат гадоў могуць знаходзіцца ў прыродзе і амаль не раскладаюцца. Па-другое, калі ДДТ трапляе ў арганізм жывёлы, яно раствараецца ў тлушчовай тканцы – гэта значыць, што яно здольнае назапашвацца ў целе жывёлы. І таму перадавацца ад ахвяры да драпежніка па харчоваму ланцугу. Зразумела, што канцэнтрацыя ДДТ пад час праходжання па харчоваму ланцугу ўзрастае на больш высокіх яе ўзроўнях. І вялікія драпежныя птушкі як адны з канчатковых звенняў ланцуга мелі ў сваім целе найбольшую колькасць атруты.
Так, канцэнтрацыя ДДТ ў харчовым ланцугу ўзрастае ў сто тысяч – мільёны разоў у параўнанні са знешнім асяроддзем! Чым больш ежа драпежнай птушкі складалася з насякомаедных птушак або рыбы, тым хутчэй яна набірала летальную канцэнтрацыю ДДТ. Таму акрамя сокалаў, найбольш пацярпелі вялікія драпежныя рыбаядныя птушкі: арланы і скапа.
На няшчасце, ядахімікат распыляўся на вялікіх тэрыторыях, дзе трапляў у целы мігрыруючых птушак і пасля разносіўся далёка ад месцаў асноўнага выкарыстання. Вандроўныя сокалы, якія гнездавалі на самых дзікіх і аддаленых ад людзей і іх дзейнасці тэрыторыях Паўночнай Амерыкі, ўтрымлівалі столькі ж ДДТ у сваім целе і адкладваемых яйках, як і паўсюль. Прычына аказалася ў шырокім выкарыстанні атруты ў краінах Лацінскай Амерыкі – там, дзе вандроўныя сокалы і іх здабыча – арктычныя віды птушак – зімуюць і накапліваюць пестыцыды праз харчаванне атручанымі насякомымі. Гэта падкрэсліла яшчэ адну вялікую праблему, звязаную з выкарыстаннем ДДТ ды іншых пестыцыдаў. Аказалася, што забарона гэтага пестыцыду ў высокаразвітых краінах Захаду не абараняе іх прыроду ад гэтай атруты. Выкарыстаная на адлегласці ў тысячы кіламетраў, яна можа забойча ўздзейнічаць на любых жывёлаў практычна на любой адлегласці.
Цікавым у гэтай сувязі ёсць параўнанне поспеху гнездавання і утрымання ДДТ у целе і яйках двух відаў вялікіх сокалаў з Аляскі. Вандроўныя сокалы, якія зімуюць далёка ад сваіх паўночных гнездавых тэрыторый, не толькі значна – на палову - зменшылі сваю колькасць, але яшчэ мелі праблемы з выседжваннем птушанят (чаму – гл. ніжэй). Іншы від – сокал-белазор, які нікуды не адлятае з Аляскі на зіму. Адпаведна ў гэты час белазоры палююць на мясцовых жывёлаў. Гэты від не толькі не зменшыў сваю колькасць, але не меў праблемаў з тонкім шкарлупіннем яек. Поспех яго гнездавання застаўся на узроўні да пачатку выкарыстоўвання ДДТ, хаця ДДТ таксама трапіў у іх арганізм разам са спажываннем птушак-мігрантаў з поўдня пад час сезону гнездавання.
Вандроўны сокал амаль знік у Еўропе, у Беларусі апошніх гняздуючых птушак адзначылі ў 1973 годзе. І хаця дзякуючы забароне выкарыстання ДДТ, ахове пазасталых птушак і развядзенню і выпуску сокалаў у дзікую прыроду (рэінтрадукцыі) атрымалася аднавіць гэты від у многіх еўрапейскіх краінах, у Беларусі іх пакуль што можна зрэдчас сустрэць толькі пад час міграцыі і зімоўкі.


Дзеянне ДДТ на арганізм птушкі
Нават у невялікай канцэнтрацыі ў целе птушкі ДДТ прыводзіць да смяротнага выніку. Ў меншай канцэнтрацыі адбываецца ўздзеянне, якое ўпершыню даказаў ў 1967 г. Д.Рэткліф, вывучаючы брытанскія музейныя калекцыі птушыных яек. ДДТ парушае механізм кальцыевага абмену ў целе птушкі, і яйкі, якія адкладваюцца, выходзяць з такім тонкім шкарлупіннем, што проста не вытрымліваюць цяжару самкі пад час інкубацыі і лопаюцца.
Згодна з механізмам накаплення ДДТ у харчовым ланцугу, найбольш значнае змяншэнне таўшчыні шкарлупіння было адзначана ў драпежных птушак, якія харчуюцца рыбай і птушкамі. Так, скопы, белагаловыя і арланы-белахвосты, вандроўныя і сокалы-дрымлюкі, розныя віды шулякоў былі птушкамі, якія найбольш пацярпелі ад ДДТ і звязаных з ім няўдачамі інкубацыі.
1947 год быў першым, калі такія выпадкі атрымалі шырокае распаўсюджанне і былі заўважаны. Гэта быў другі год, калі ДДТ пачалі шырока выкарыстоўваць у сельскай гаспадарцы як выдатны інсектыцыд. Для многіх відаў птушак яйкі былі даступныя для параўнання з 1870х гадоў, і для ніводнага віду не атрымалася знайсці значную змену таўшчыні шкарлупіння да 1947 году. Аказалася, што канцэнтрацыя ДДТ ў яйку і таўшчыня яго шкарлупіння безпасрэдна звязаны паміж сабой. Але самае тонкае шкарлупінне было знойдзена не сярод драпежных птушак, а ў бурых пеліканаў з Каліфорніі, якія харчаваліся рыбай каля стокаў хімічнага заводу, які выпускаў ДДТ. Большасць яек у гэтых птушак лопаліся яшчэ пад час адкладкі, некаторыя з іх амаль не мелі кальцыю і іх шкарлупінне было танчэйшым за звычайныя на 95%! А тыя, што лопаліся пад самкай у час інкубацыі, былі танчэйшыя за нармальныя на 34%.
Аднак нават з цэлых аплодненых яек часта не вылупляліся птушаняты. Прычынамі гібелі эмбрыёнаў былі наступныя:
• З-за таго, што тонкае шкарлупінне мае менш пораў, чым нармальнае, парушаўся газавы і водны абмен эмбрыёна з асяроддзем;
• Непасрэдны таксічны эфект на эмбрыён;
• Неадпаведная інкубацыя атручаных ДДТ адным ці абодвума бацькамі.
Многія птушаняты гінулі адразу пасля вылуплення – аказалася, што гэта звязана з усмоктваннем птушанём змесціва жаўточнага мяшку перад вылупленнем, а менавіта ў жаўтку ўтрымлівалася найбольшая канцэнтрацыя атруты.
Аказалася, што ДДТ дзейнічае адмоўна на ўсіх стадыях гнездавання. Ён змяняе паводзіны, выпрацоўку і дзеянне гармонаў і ферментаў, а праз іх – увесь абмен рэчываў у целе птушак. У залозе, якая адказвае за выпрацоўку шкарлупіння для яек, ДДТ перашкаджаў працы ферменту, які забяспечваў шкарлупінне іонамі кальцыя пад час яго ўтварэння. Іншыя пестыцыды выклікалі і іншыя шкоды ў целе птушак: прыводзілі да памылак пад час капіравання ДНК і, адпаведна, да дэфармацый у розных частках цела і органах эмбрыёнаў, а таксама да запавольвання іх росту.
Першымі краінамі, ў якіх было забаронена выкарыстанне ДДТ у сельскай гаспадарцы ў 1970 годзе, сталі Нарвегія і Швецыя. Ў 1972 годзе да іх далучыліся ЗША, і ў наступнае дзесяцігоддзе ДДТ і блізкія да яго хімічныя рэчывы былі забаронены ў многіх іншых заходніх краінах, а паступова і ва ўсім Свеце. Аднак дагэтуль ДДТ сустракаецца нават у тканках пінгвінаў Антарктыды – месцы, дзе яно ніколі не ўжывалася.
 

З кнігі: Дз.Вінчэўскі. Пуцявод па законах прыроды разам з птушкамі. Мн.: АПБ, 2008. – 198 с.
Цалкам кнігу можна спампаваць тут:
www.nastaunik.info/files/f/320_Puciavod.pdf (7 МБ)

Comments