Чырвоны каршун апынуўся ў клопатах

    Нядаўняе змяншэнне колькасці чырвонага каршуна ў Еўропе адбылося так значна і імкліва, што Еўразвяз прыняў новы план дзеянняў, які будзе распаўсюджаны на ўвесь кантынент і мэтай якога ёсць прыпыніць далейшае знікненне віду. Драматычнае змяншэнне еўрапейскай папуляцыі чырвонага каршуна часткова адбылося з-за інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі ў краінах Усходняй Еўропы, аднак галоўная прычына – шырокае выкарыстанне атруты. Колькасць птушак на асноўных зімоўках віду таксама значна зменшылася за апошнія 15 год.

    Пры чым знікненне каршуноў адбывалася так імкліва, што ЕЗ прыняў План дзеянняў па ахове чырвонага каршуна, прапанаваны RSPB ад імя глабальнай асацыяцыі Birdlife International, і падтрыманы экспертамі з розных краін Еўропы.
Найбольшая пагроза сыходзіць ад выпадковага атручвання птушак, калі яны харчуюцца на нелегальна выстаўленых для атручвання ваўкоў і ліс трупах, наладаваных пестыцыдамі. З-за таго, што каршуны – ідэальна прыстасаваныя для пошуку і спажывання падалі, менавіта яны ператвараюцца ў галоўных ахвяр. Ў некаторых месцах драпежных птушак працягваюць забіваць браканьеры, каб зменшыць колькасць “канкурэнтаў” пад час палявання на паляўнічыя віды. 
Другаснае атручванне птушак адбываецца пад час легальнай апрацоўкі сельгастэрыторый родэнтацыдамі – каршуны харчуюцца атручанымі і здохлымі палёўкамі ды іншымі грызунамі, такім чынам паступова назапашваючы атруту ў сваім целе.
    У краінах, дзе гняздуе каля 2/3 усіх чырвоных каршуноў: у Гішпаніі, Францыі і Германіі -адбыўся асабліва заўважны спад іх колькасці. Ў Гішпаніі іх стала на 40% менш, у Францыі і Германіі – на 30%. Апошнія ўлікі зімуючых у Гішпаніі птушак (дзе раней трымалася каля паловы сусветнай папуляцыі віду), якія адбыліся ў 2004 годзе, паказалі амаль 50% змяншэнне іх колькасці за апошнія 10 год: з прыкладна 70 тысяч асобін у 1994 да 36 тысяч у 2004.
Гэтыя лічбы кантрастуюць са становішчам віду ў Вялікабрытаніі, дзе колькасць птушак на гнездаванні штогод павялічваецца і сёлета ацэньвалася ў 1600 пар. Прымаючы сучасныя адмоўныя тэндэнцыі, якія адбываюцца з каршунамі на кантыненце, цяпер у Вялікабрытаніі гняздуюць каля 7% сусветнай папуляцыі віду, тады як яшчэ год таму іх доля не была большай за 5%.
    Аднак як і на кантыненце, менавіта мэтанакіраванае альбо выпадковае атручванне птушак з’яўляецца галоўнай праблемай каршуноў і ў Вялікабрытаніі. На поўначы Шатландыі гэта ёсць асноўнай прычынай прыпынення распаўсюджвання віду на новыя тэрыторыі і росту яго колькасці. Акрамя чырвоных каршуноў, ад атручвання гінуць і іншыя драпежныя птушкі, таму RSPB пачала кампанію супраць шырокага выкарыстання атруты.
Прадстаўнік RSPB Пітэр Ньюбэры (Peter Newbery), адзін з аўтараў Плана дзеянняў, сказаў: “Прыгожая птушка, якую раней можна было назіраць у многіх краінах Еўропы, раптам апынулася ў сур’ёзных клопатах. Урады павінны хутка дзейнічаць каб значна зменшыць колькасць атруты, якую выкарыстоўваюць у сельскай мясцовасці і палепшыць рэгламентацыю іх выкарыстання”.
   “Наш досвед у Вялікабрытаніі паказвае, што шанец вярнуць гэтых птушак застаецца. Калі зменшыць імавернасць іх атручвання, ахоўваць месцы іх пражывання, няма прычын каб чырвоныя каршуны не жылі каля нас. Аднак для гэтага трэба дзейнічаць неадкладна”.

Здымак rspb-images.com
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments