Кукаванне зязюлі ўсё радзей можна пачуць у Вялікабрытаніі

   Нечакана зязюля далучылася да птушак, занесеных у Чырвоны спіс птушак Злучанага каралеўства. Кнігаўка, жоўтая пліска і чайка-клыгун  таксама апынуліся пад пагрозай знікнення. У апошнім падсумаванні становішча брытанскіх птушак колькасць відаў, занесеных у Чырвоны спіс пaвялічылася на 5% у параўнанні з 2002 годам. Каралеўскае таварыства абароны птушак (RSPB) (BirdLife у Вялікабрытаніі) ужо назвала павелічэнне колькасці раней звычайных відаў птушак у гэтым спісе “скандалам”.

    Дырэктар RSPB па пытаннях аховы Марк Эверы (Mark Avery) сярод відаў з надзвычай шакуючым змяншэннем колькасці назваў звычайную зязюлю – яе папуляцыя за апошнія 15 год скарацілася на 37%! Менш трагічна, але падобным чынам выглядае становішча шмат якіх іншых афрыканскіх мігрантаў. Чаму так адбываецца - пакуль няма адназначнага і зразумелага адказу.
   Такім чынам з 246 відаў брытаснкіх птушак, для якіх было сабрана дастаткова дадзеных, у Чырвоным спісе апынуліся 52 (21%).
    Большасць відаў з гэтага спісу зменшылі тэрыторыю распаўсюджання і/ці колькасць больш чым на палову ў апошнія гады. Дамовы верабей, шпак і дрозд-спявун аказаліся самымі “звычайнымі” відамі, якія апынуліся ў такім незайздросным становішчы.
    Аднак у апошнім падсумаванні становішча папуляцый брытанскіх птушак ёсць і добрыя навіны: гіль, перапёлка, стрынатка-чаротаўка, шатландзкі крыжадзюб, баравы жаўрук, кулік-палянік былі паніжаны ў статусе. Гэтыя віды павялічылі сваю колькасць і/або пашырылі межы распаўсюду. Адбылося гэта, галоўным чынам, дзякуючы паляпшэнню кіравання сельгасземлямі (для паляніка) і пусташамі (для баравога жаўрука). У шатланзкага крыжадзюба троху іншая сітуацыя – пра яго сапраўдную колькасць атрымалася сабраць больш звестак.
Энд’і Клементс (Andy Clements), дырэктар Брытанскага орніталагічнага траста (British Trust for Ornithology (BTO) у сувязі з гэтым сказаў: “Як паказала гэтая справаздача, калі мы ведаем што рабіць і маем на гэта сродкі, мы можам паправіць становішча птушак – так як гэта было зроблена для паляніка або баравога жаўрука”.
Аднак прычыны даволі рэзкага змяншэння колькасці зязюляў зусім не зразумелыя, не гледзячы на тое, што было прапанавана шмат розных тэорый. Прычыны могуць быць звязаны са зменамі як на месцах зімоўкі, так і на шляхах міграцый і месцах размнажэння.
    Вядома, што зязюлі моцна залежаць ад даступнасці ў якасці ежы “валасатых” вусеняў, а многія віды матылёў (як дзённых, так і начных) у апошні час рэзка зменшылі сваю колькасць на Брытанскіх астравах. У дадатак гэты від гнездавога паразыта адкладвае свае яйкі толькі ў гнёзды другіх птушак. А такія віды-гаспадары як лугавы свірстун ці лясная завірушка самі знаходзяцца ў стадыі змяншэння колькасці.
І хаця не было знойдзена доказаў сувязі змены клімата з падзеннем колькасці многіх відаў птушак, аднак ёсць сведчанні таго, што па меры ўзрастання тэмпературы мігрыруючыя птушкі трацяць свае перавагі перад тымі птушкамі, якія застаюцца зімаваць. Пяць відаў птушак, якія трапілі ў Чырвоны спіс: белахвосты пясочнік, баталён, сярэдні кулён, дрозд-піскун і белабровы дрозд могуць таксама стаць пацверджаннем кліматычных зменаў, бо па Брытанскіх астравах праходзіць паўднёвая мяжа іх распаўсюду.
    Марскія птушкі, такія як зімнія госці астравоў: вялікі кіркун і нырок-плёсаўка - ўпершыню трапілі ў Спіс з-за таго, што памер іх зімуючых папуляцый значна зменшыўся. Яшчэ тры “марскіх” віды, якім пагражае знікненне са спісаў брытанскай фауны: маўрытанскі буравеснік, чайка-клыгун, караткахвосты паморнік.
Падсумаванне Birds of Conservation Concern 3 было створана дзякуючы супрацы групы грамадзкіх, муніцыпальных і дзяржаўных арганізацый: BTO, Countryside Council for Wales, Game and Wildlife Conservation Trust, Joint Nature Conservation Committee, Natural England, Northern Ireland Environment Agency, RSPB, Scottish Natural Heritage i the Wildfowl and Wetlands Trust.
   Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў для www.BirdWatch.by Дзьмітры Вінчэўскі. Здымак звычайнай зязюлі Дзьмітрыя Якубовіча (www.BirdWatch.by)