Маладога шуляка-галубятніка знайшлі нашы гараджане 8 верасня каля стадыёна “Лакаматыў” і прынеслі ў гарадскі Эколага-біялагічны цэнтр, дзе сёння яго акальцавалі баранавіцкія арнітолагі.
Шуляк-галубятнік – драпежная птушка з роду шулякоў (ястрабаў) сямейства шуляковых, шырока распаўсюджаная ў Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі. Гэта найбуйнейшы прадстаўнік свайго роду, з размахам крылаў да 115 см.
Шулякі-галубятнікі жывуць і робяць гнёзды ў лясах і ў падлесках, а побач з гарадамі могуць сяліцца ў вялікіх парках ці зялёных зонах, што прымыкаюць да гарадскіх межаў. Зрэдку гэтыя драпежнікі залятаюць у гарады, каб паласавацца галубамі, якія робяцца для іх лёгкай здабычай.
Птушку, якую ўчора прынеслі ў баранавіцкі Эколага-біялагічны цэнтр, знайшоў муж адной з супрацоўніц гэтай установы. Птах трапіў у футбольную сетку і часова дэзарыентаваўся. Мужчыну падалося, што ў птушкі пашкоджана крыло, і ён прынёс яе ў цэнтр. Злоўлены шуляк-галубятнік суткі прасядзеў у клетцы, падсілкоўваючыся мясам, якім яго частавалі супрацоўнікі ўстановы.
Сёння шуляка агледзелі баранавіцкія сябры грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўчыны”. Яны пераканаліся, што птушка здаровая, пасля чаго акальцавалі яе і выпусцілі на волю. Цяпер у баранавіцкага шуляка-галубятніка ёсць свой нумар, па якім нашу птушку пазнаюць у любой частцы свету.
Аўтар і фота Алесь Гізун.
Паводле intex-press.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ