Птушкам-адмыслоўцам загорача?

Апошнія даследаванні Брытанскага орніталагічнага траста BTO паказалі, што кліматычныя змены павялічваюць разнастайнасць птушак на даследаваных тэрыторыях, аднак адначасова віды-спецыялісты з іх знікаюць. 

Даследаванне было апублікаванае ў часопісе Global Ecology and Biogeography і тычыцца брытанскіх птушак, колькасць відаў якіх павялічылася з пацяпленнем клімату, аднак найбольш стэнатопныя віды знікаюць.
Выкарыстоўваючы дадзеныя улікаў гняздуючых птушак (Breeding Bird Survey) пачынаючы з 1994 году, навукоўцы з  BTO адзначылі, што колькасць відаў птушак у вызначаных месцах павялічваецца, аднак віды, якія маюць вузкую спецыялізацыю ў ежы або месцах гнездавання, адчуваюць значны негатыўны ўплыў.
Віды, якія скарысталі з пацяплення і павялічылі свае арэалы – гэта віды-генералісты. Тады як віды з своеасаблівымі патрабаваннямі да месцапражыванняў – такія, як шэрая курапатка (Perdix perdix) ці гуменная стрынатка (Miliaria calandra) з 1994 году зменшылі свае папуляцыі адпаведна на 50 і 29 %.
Падагульняючы, змены клімату прыводзяць да таго, што птушынае насельніцтва на Брытанскіх астравах робіцца больш аднародным: віды з абмежаваным распаўсюджаннем знікаюць, а замест іх з’яўляюцца шырокараспаўсюджаныя.
Адзін з аўтараў даследавання, Элісан Джонстан (Alison Johnston) з BTO, сказала: "Гэта адна з невялікай колькасці працаў, якая агульна спраўжвае змены ў авіфауне,звязаныя з пацяпленнем клімату і першая для Вялікабрытаніі. Яна паказвае, што такія змены адбываюцца ўжо, а не толькі магчымыя ў нейкай больш ці менш аддаленай будучыні.” І паказвае незайздросную будучыню стэнатопных відаў.”


Здымак гуменнай стрынаткі Дзьмітрыя Якубовіча
 

Крыніца:
Davey, C M, Chamberlain, D M, Newson, S E, Noble, D G and Johnston, A. 2011. Rise of the generalists: evidence for climate driven homogenization in avian communities. Global Ecology and Biogeography  DOI: 10.1111/j.1466-8238.2011.00693.x.
 

Паводле www.birdwatch.com.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:
Кулікі адсоўваюцца на поўнач
Крах папуляцыі заходняга салаўя ў Вялікабрытаніі

Салавей амаль знік у Вялікабрытаніі

Кукаванне зязюлі ўсё радзей можна пачуць у Вялікабрытаніі

Марскія птушкі з узбярэжжаў Шатландыі знікаюць у непакоячым тэмпе

Нелегальная лоўля птушак павялічваецца ў Вялікабрытаніі