Чатырохкрылыя дыназаўры мелі чорнае пер’е з металічным адлівам

Кітайскія і амерыканскія палеантолагі знайшлі першыя доказы таго, што дыназаўры з роду Microraptor мелі чорнае пер’е, якое пералівалася рознымі металічнымі колерамі дзякуючы падобным да сённяшніх пігментам. Мікрорапторы былі невялікімі дыназаўрамі памерам з сённяшніх крумкачовых, якія пераляталі паміж дрэвамі 130 мільёнаў гадоў таму.

  Навукоўцы думаюць, што як і ў цяперашніх птушак, такое апярэнне дапамагала гэтым драпежным дыназаўрам сігналізаваць суродзічам пра стан свайго здароўя і гатоўнасць да размнажэння. 

Аналіз апярэння праводзілі на аснове парэштак, знойдзеных у 2010 годзе ў Паўночна-Ўсходнім Кітаі, дзе добра захаваўся шкілет чатырохкрылай істоты з надзвычай доўгім пер’ем хваста, якое заканчваецца заўважным пашырэннем.

Дзякуючы скануючаму электроннаму мікраскопу, навукоўцы здолелі прааналізаваць дробныя рэшткі пігментаў пер’я – меланомы і параўнаць іх з падобнымі структурамі сучасных птушак. Такім чынам было вызнaчана, што пер’е мікрараптараў было чорным з сінім адлівам.

Род Microraptor быў апісаны ўпершыню ў 2003 годзе як два асобных віды: M. zhaoianus and M. gui, аднак дзякуючы амаль 300 розным парэшткам, знойдзеным дагэтуль, было вызначана, што насамрэч усе яны належаць да аднаго віду - M. zhaoianus. Гэтыя невялікія дыназаўры мелі доўгае контурнае апярэнне не толькі на крылах і хвасце, але і на нагах з адпаведнай аэрадынамічнай паверхняй. Аднак толькі цяпер, дзякуючы больш поўным парэшткам, знойдзеным у 2010 годзе, атрымалася ўбачыць надзвычай доўгае пер’е на хвасце дыназаўра. Яго функцыя магла быць разнастайнай – ад дапамогі ва ўтрыманні раўнавагі пад час пералётаў з адной апоры да другой, да сігналу іншым асобінам пра стан птушкі.


Акрамя цікавай пераходнай формы, якая дапамагае зразумець як магла адбывацца эвалюцыя палёту першых птушак, мікрараптары таксама паказваюць на разнастайныя функцыі пер’я ўжо ў той час.
Даследаванне было апублікаванае ў часопісе Science.

Паводле www.thenews.com.pk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:

Новы дыназаўр дапамагае зразумець як паўстала крыло птушак

Як выкарыстоўвалі пер’е дыназаўры?

Знойдзены парэшткі “чатырохкрылага” дыназаўра

Птушкі Марока з пліяцэну

Новыя віды выкапнёвых птушак

На востраве хобітаў знойдзены парэшткі вялізарнага марабу

 Знойдзена выкапнёвая птушка-баец