Упершыню за 100 год колькасць каліфарнійскіх кондараў больш за 400 птушак

Ці атрымалася выратаваць каліфарнійскіх кондараў (Gymnogyps californianus), самых вялікіх прадстаўнікоў сучасных драпежных птушак? На гэтае пытанне пакуль няма ўпэўненага адказу, аднак нават мінімальна запланаваныя паказчыкі яшчэ не дасягнуты.

Сёлета ў мае іх колькасць перакрочыла за 4 сотні асобін. Аднак толькі 226 з іх жывуць у дзікай прыродзе: 125 у Каліфорніі, 80 у Арызоне і 21 у штаце Baja ў Мексіцы. Акрамя гэтых птушак, 179 кондараў жывуць у няволі, дзе ўдзельнічаюць у разнастайных праграмах па размнажэнню. Пасля ветэрынарнага кантролю частка іх будзе рэінтрадуцыравана ў прыроду. Аднак мэтай праграмы па рэінтрадукцыі віду з’яўляецца нашмат большая лічба, бо навукоўцы лічаць, што як  мінімум патрэбныя 450 птушак у  прыродзе, каб папуляцыя магла стаць устойлівай і самападтрымлівацца.


Калі ж успомніць гісторыю змагання за выратаванне віду, сённяшнія лічбы ў 400 птушак можна прызнаць вялікім дасягненнем. Бо ў 1982 годзе ў жывых заставаліся толькі 22 птушкі. Амерыканскі Peregrine Fund распачаў праграму па размнажэнню кондараў у няволі ў 1983 годзе. Праз тры гады пачаўся выпуск птушак у прыроду ў адным месцы ў Паўночнай Арызоне – на кліфах Vermilion.


Апошнія гады галоўнай перашкодай ва ўзнаўленні папуляцыі каліфарнійскіх кондараў застаецца іх атручванне свінцовым шротам. Птушкі праглатваюць яго разам з кускамі падалі ад падстрэленых паляўнічымі жывёл. Паступова свінец раствараецца ў тканях і прыводзіць да гібелі кондараў.


Здымак з www.dfg.ca.gov
Паводле www.wildlifeextra.com  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by