Зязюлі мімікруюць пад шулякоў

 Розныя віды гнездапаразітычных зязюляў сваёй афарбоўкай мімікруюць пад розныя віды шулякоў з групы карагольчыкаў, каб палохаць гаспадароў гнязда, куды яны хочуць падкінуць свае яйкі. 

Даследаванне, праведзенае навукоўцамі Кэмбрыджскага ўніверсітэту, параўноўвала малюнак на ніжняй частцы цела зязюляў і невялікіх відаў шулякоў з роду Accipiter, якія распаўсюджаны на той жа тэрыторыі, дзе і гэтыя віды зязюляў. Было знойдзена моцнае падабенства паміж імі.

Такая міжвідавая мімікрыя вядома пад назвай батэзіанскай ('Batesian mimicry') і выклікае падабенства да небяспечных відаў жывёл тых відаў, якія самі ніякай небяспекі ўяўляць не могуць, каб падмануць патэнцыйных драпежнікаў. Для таго, каб увесь час падтрымліваць сваю “недатыкальнасць”, мімікрыруючы від павінен жыць у тым жа ці падобным асяроддзі, што і сапраўды небяспечны від. Тады драпежнікі лепш разумеюць патэнцыйную небяспеку абодвух. 

Добра вядома, што зязюлі стараюцца адкладваць свае яйкі ў гнёзды тых відаў птушак-гаспадароў, афарбоўка яек якіх падобная на іх яйкі. І хаця працес падкідвання яек у гнёзды гаспадароў параўнальна хуткі, аднак зразумела, што мімікрыя пад драпежнікаў дазваляе зязюлям зганяць такіх птушак з гнёздаў і трымаць іх здалёк да таго часу, пакуль зязюля не падкіне ім сваё яйка. 

У даследаванні прадстаўнікі 5 родаў зязюль Старога Свету параўноўваліся з 8 відамі драпежных птушак, якія карыстаюцца падобнымі тыпамі біятопаў і маюць арэалы, якія ў значнай частцы перакрываюцца. Было знойдзена, што большасць відаў зязюляў мае вельмі падобны малюнак на ніжнім баку цела як мінімум з адным відам невялікіх мясцовых відаў драпежнікаў. Найбольш папулярным тыпам апярэння гэтай часткі цела ў абодвух груп былі папярэчныя палоскі. 

Таксама аказалася, што падабенства афарбоўкі не залежыць ад тыпу біятопу, які займаюць зязюлі, але залежыць ад таго, ці перакрываюцца іх арэалы. Канешне, некаторыя тыпы афарбоўкі маюць аддаленае падабенства паміж сабой, але некаторыя – вельмі падобныя і дакладна паўтараюць не толькі форму крылаў і хваста, але і характар рысачак і палосак на пёрах. 

Крыніца:

Gluckman, T-L and Mundy, N I. 2013. Cuckoos in raptors' clothing: barred plumage illuminates a fundamental principle of Batesian mimicry. Animal Behaviour ХХХ: 1-17. www.sciencedirect.com/science/article/pii/S0003347213004247. 

 Паводле www.birdwatch.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак звычайнай зязюлі Юрыя Янкевіча.

На гэтую тэму:

Зязюля інкубуе свае яйкі ўнутры цела

Кукаванне зязюлі ўсё радзей можна пачуць у Вялікабрытаніі

Зязюлі са Скандынавіі - гэта іншы від?     НЕЗВЫЧАЙНАЕ АДКРЫЦЦЁ: ПТУШАНЯТЫ ВУЧАЦЬ ПАРОЛЬ, КАБ ІХ КАРМІЛІ БАЦЬКІ