Гогалі ў цэнтры Горадні

   Сёньня ў абед разам з сынам і сабачкам прагуляліся ад Старога маста амаль да вусьця Ласасянкі ўздоўж Нёману.
Вада заўважна ўпала, шмат дзе лёд ад берагу пачаў трэскаць. Метрах у 30 ад апоры маста радком сядзелі на льду і адпачывалі вялікія савукі.

   Ўчора за карчмой я бачыў даволі блізка самца гогаля, таму і прапанаваў разам паглядзець, ці не будзе яго там сёньня.
Яшчэ здалёк мы адзначылі дзьвюх, падобных да гагалей, качак, якія плавалі і ныралі недалёка ад нашага берагу, але метрах у 150 наперадзе. Калі ўсе тры птушкі (іх аказалася тры) нырнулі, я прапанаваў пакуль яны пад вадой, падбегчы бліжэй, каб паглядзець на іх зблізку.
    Ўсё ў нас атрымалася! Тры самкі гогаля – а гэта былі яны, вынырнулі амаль у 15 метрах ад нас. Сын закрычаў: “Гагалята, гагалята!” – настолькі невялічкімі выглядалі гэтыя паўночныя качкі зблізку. Я растлумачыў яму, што гагалятамі ўзімку яны быць ужо не могуць, бо нараджаюцца летам і як мінімум маюць  больш за паўгады. А для птушак гэта ўжо паважны ўзрост.
    Далей плавала яшчэ пара, а потым з-пад вады паказаўся і яшчэ адзін самец.
Ніколі раней я не бачыў у самым цэнтры гораду столькі гагалей.
Рэкорд, як быў да гэтага – пара.
І вось нам разам атрымалася ўсталяваць новы, што было вельмі прыемна.

Здымак пары гагалей Жоржа Гулеўскага.
 

Каментары

Учора, 15-02, на тым жа адрэзку Нёмана (ад Старога маста да вусьця Гараднічанкі) працягласьцю прыкладна 500 м было ўжо 17 гагалей, большасьцю самак!

Сёньня заўважыў толькі 7. Адзін з самцоў штодзень плавае зусім блізка ад берагу каля карчмы - можна разглядаць без бінокля. Акрамя гагалей, плаваюць або адпачываюць на крыгах вялікія савукі - з 10-12 птушак, большасьць самцы.