Апошнія тыдні, пасля таго, як расквітнелі сотні тысяч кветачак на пладовых дрэвах, я іду на сустрэчу.
Кожны вечар падыходжу да вялікай і раскідзістай алычы за будынкамі былога бровара і прыслухоўваюся. Звычайна сінія сінічкі (Cyanistes (Parus) caeruleus), дзеля каторых я і іду сюды, ужо тут, ціхенька, але выразна пераклікаюцца.
Нават зараз, калі вялікая колькасць пялёсткаў ужо абляцела, а лісцікі хутка пачалі расці і дрэва з белага ператварылася ў зялёнае з белаватым, мяккім адценнем, яно выглядае вельмі прыгожым. Але пара сінічак прылятае сюду не з-за прыгажосці. Яны шукаюць сабе тут паесці. Што менавіта я ні разу не бачыў, але здагадваюся, што і кветкі, і маладыя лісцікі павінны былі прыцягнуць увагу насякомых, тыя - увагу павучкоў. Ну і ўсе разам - увагу сінічак.
Як і любая сур'ёзная справа, пошук ежы патрабуе ўвагі і здольнасцяў. Сінічкі ўпарта даследуюць, прычым часта ініз галавой, як акрабаты, розныя галінкі,лісцікі і суквецці. Здымаць іх тут нялёгка - толькі зрэдку яны вылятаюць на вонкавыя галінкі. Але нават проста назіраць за імі вельмі прыемна.
25-04-2020, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ