Перад т.зв. старым мастом я пачуў знаёмую пераклічку канаплянак (Carduelis cannabina) і вырашыў пачакаць - можа атрымаецца іх паздымаць.
Здымкаў гэтых птушак у розных ракурсах за вясну і лета я зрабіў ужо сотні, але нейкі час перад гэтым іх не бачыў і вырашыў паспрабаваць паздымаць яшчэ. І не дарма.
Адна з птушак - другую я не бачыў да іх адлёту - спачатку сядзела на гранітным парапеце, а потым пачала выбіраць невялікія месцы амаль без расліннасці. Паспрабавала два, але нешта там ёй не спадабалася і прыпынілася яна толькі ў трэцім. Я думаў, што яна шукае адкрыты пясок каб "пакупацца" у ім. Але аказалася, што яна хоча ... пазагараць!
Для чаго (вераб'іныя) птушкі загараюць, я падрабязна пісаў ТУТ, таму не буду паўтарацца.
Канаплянка прысела і расставіла пер'е так, як ёй было трэба, пад сонца. Працягвалася гэта каля хвіліны,потым яны адляцелі з другой птушкай (з пАры?), якая ўвесь час была недзе побач.
Зразумела, што птушкі ў такім безабаронным становішчы не могуць доўга адчуваць сябе бяспечна, таму і сонечныя ванны прымаюць нядоўга. А можа для правітаміна D каб ператварыцца ў вітамін і не трэба?
Гродна, 13-08-2020
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ