Некалі чытаў, што ёсць недзе ў тропіках птушкі, якія спецыялізуются на крадзяжы здабычы з сетак павукоў.
І вось аказалася, што не трэба нікуды ехаць, каб убачыць як гэта адбываецца!
Час ад часу каля агароджы былога піўзаводу,дзе я здымаю апошні месяц розныя віды, якія ласуюцца ягадамі бузіны, я бачу і пячуравак. Напэўна, ягады бузіны для іх завялікія ці ўвогуле непрыдатныя для ежы, але нейкіх насякомых яны ўсё ж там шукалі і знаходзілі.
І вось мне пашанцавала ўбачыць і зняць, як пячураўка-ценькаўка (Phylloscopus collybita) выбірае насякомых з павуціння павучкоў, нацягнутага паміж рознымі элементамі агароджы!
Рабіла гэта яна хутка і ўвішна - падобна да таго, як шукае ахвяраў пад лістамі дрэў і кустоў. Як і раней, яе старалася прагнаць адтуль адна з рудахвотсак-чарнушак, якія там трымаюцца - яны побач на адным са здымкаў ніжэй.
Не ведаю, ці тую самую, ці іншую птушку я ўбачыў і сфатаграфаваў на тым самым месцы праз дзень - яна ізноў выбірала насякомых з павуціння! Магчыма, што гэтым паводзінам можна хутка навучыцца або самастойна, або падгледзеўшы ў іншых асобін. Але як мінімум гэта б сведчыла, што гэта не адзінкавы выпадак.
16 і 18-09-2020, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________-
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ