Дакументацыйныя здымкі і відэа
У апошнія дні ўзровень вады ў Нёмане значна знізіўся, асабліва ж заўважна гэты стала ў вучці прытоку Нёмана - Гараднічанцы.
Усе тыя прысады, якія зімародкі (Alcedo atthis) ахвотна выкарыстоўвалі для адпачынку і рыбалкі летам, зараз таксама апынуліся над вадой. Вада ў рэчцы стала празрыстай - чаму б ім зноў не рыбачыць тут? - падумаў я, калі падыйшоў да вусця Гараднічанкі.
Як раз недзе каля самай вады зімародак зляцеў і павярнуў за трыснёг на Нёман. Сядзеў ён вельмі нізка, лавіць рыбу з такой прысады яўна было б нязручна, і я вырашыў зрабіць для птушак нешта лепшае. Заадно і сам скарыстаюся - паздымаю, калі зімародкі прысаду ацэняць як добрую.
Я перайшоў мосцік і на другім беразе Гараднічанкі знайшоў 2 сухія абломаныя галіны. Адна яўна не пасавала на прысаду, другую ж, выгнутую, я замацаваў каменнямі на беразе над вадой так, каб яна не круцілася і "ляжала" пад добрым вуглом.
Прыкладна праз хвіліну-дзве я вярнуўся на "наш" бок рэчкі і ад здзіўлення і захаплення адкрыў рот - на маёй толькі што пастаўленай прысадзе ўжо сядзела самка зімародка! - гл. ніжэй першы здымак.
Самка адрозніваецца ад самца ружова-аранжавай плямай на паддзюб'і, у самца ж уся дзюба чорная.
Я пачаў здымаць птушку, хаця яўна было зацёмна для добрых здымкаў, але праз некалькі секунд яна пераляцела вышэй і спачатку села бокам на тонкія вертыкальныя галінкі канадзкага клёна на беразе побач, а потым і на амаль гарызантальныя на дрэўцы яшчэ вышэй:
Адтуль, зусім нечакана для мяне, і адбылася атака - з вады самка выляцела з рыбкай і села яе спажываць на бетонную пліту над самай вадой:
Стала зразумела, што калі вада ў рэчцы значна не падымецца, зімародкаў зноў можна будзе назіраць і здымаць тут.
Гродна, 10-12-2020
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________-
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў і відэа тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ