Яшчэ здалёк на невысокім дрэўцы ў пойме Свіслачы, ля аднаго са старарэччаў, я заўважыў вялікага грычуна (Lanius excubitor).
Сябры пайшлі ў яго бок, каб паспрабаваць зняць яго, а я застаўся каля машыны, бо быў заняты нечым каля яе.
І калі праз нейкі час падняў вочы, то ўбачыў грычуна зусім блізка, метрах у 15 ад сябе - ён сядзеў на версе шлюза.
Я з радасцю зрабіў некалькі здымкаў з такой адлегласці перш, чым птушка адляцела. Звычайна яны так блізка не падпускаюць.
І толькі ў хаце, на маніторы кампутара ўбачыў, што адна палова цела грычуна выпацканая ў крыві яго ахвяры - гэта добра бачна на першых двух здымках. Другая ж палова засталася чыстай.
А справа тут вось у чым. Хаця ўсе грычуны выглядаюць як параўнальна невялікія вераб'іныя птушкі, якімі і ёсць па паходжанні і класіфікацыі, іх кароткая, але загнутая кручком дзюба кажа пра іх спецыялізацыю на сярэдняга памеру і жывой здабычы - або вялікіх насякомых, або яшчурках, грызунах ці птушках. Злавіць іх хуткім грычунам, якія звычайна палююць з прысады, атрымліваецца выдатна, часам нават спраўляюцца дагнаць і схапіць птушак памерам з сябе. А вось з тым, каб іх з'есці, ўзнікае праблема - пальцы, якія бачна на апошнім здымку, у іх чамусьці засталіся 'вераб'інымі'. Гэта значыць параўнальна слабымі і без адпаведных і абавязковых у драпежных птушак з падобнай спецыялізацыяй вострых і загнутых кіпцюроў.
Таму грычуны вымушаныя для таго, каб здабыча трымалася і ад яе можна было адрываць кавалкі і нават ашчыпаць, перш чым прыступіць да 'раздзелкі', неяк нерухома яе замацаваць. Для гэтага найбольш пасуюць дрэвы ці кусты з вялікімі шыпамі, на якія птушкі накалваюць сваю здабычу і потым пачынаюць яе есці, часам, але радзей, могуць заціснуць яе паміж адыходзячымі ад ствала галінкамі.
Такія развешаныя і недаедзеныя ахвяры выглядаюць жудасна, з-за чаго грычуны атрымалі своеасаблівыя назвы на некаторых мовах (ціпа птушка-мяснік ці нават птушка-кат). Але інакш грычуны не могуць.
Толькі ў такім становішчы адрываць кавалкі мяса не вельмі зручна, часам атрымліваецца і выпацкацца ў крыві ахвяры. Як тая птушка, якую Вы бачыце на здымках.
Пойма Свіслачы ля Водлы, Бераставіччына, 23-01-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
arktous - 14.02.2021 - 10:14
Отличное расследование! С…
Отличное расследование! С такими уликами не отвертеться!
Harrier - 14.02.2021 - 11:19
In reply to Отличное расследование! С… by arktous
))) Дзякуй! Так і ёсць, але…
))) Дзякуй! Так і ёсць, але можна павярнуцца чыстым бокам - калі ён застаўся)