Дакументацыйныя здымкі
Халодныя ночы і раніцы - не адзіныя прыкметы надыходу восені ў пачатку жніўня. І калі я 03.08 заўважыў, як вялікімі кругамі лятае над ракой каля сотні чорных свіргулёў (Apus apus), яны прыцягнулі маю ўвагу на некалькі хвілін. Незвычайным была не столькі іх колькасць у адным месцы - у добрых для іх месцах гнездавання часам можна ўбачыць не меншыя колькасці птушак, а тое, што яны ляталі бязгучна!
Для свіргулёў гэта зусім нехарактэрна - яны маўчаць толькі першыя 2-3 дні пасля прылёту, а потым іх пранізлівыя, гучныя і калектыўныя свісты-крыкі гучаць увесь май і наступныя два летнія месяцы. Да іх хутка прызвычайваешся і гэтыя гукі становяцца неадемннай часткай лета ў горадзе. Але калі яны раптам знікаюць, яўна нечага не хапае і не адразу разумееш - што ж змянілася.
Насамрэч у той дзень і ў наступныя я яшчэ бачыў невялікія групкі свіргулёў і нават недалёка ад Нёману, ды і гучалі яны яшчэ 'як трэба'. А гэтая сотня была хутчэй за ўсё першай групай, якая адлятала і таму наядалася над ракой, і заадно трэніравала птушанят перад пачаткам міграцыі. Пасля іх вылету з гнёздаў, ужо нічога не трымае дарослых на месцах гнездавання і яны могуць ляцець на зімоўку ў экватарыяльную частку Афрыкі, а некаторыя нават далей на поўдзень.
І вось сёння раніцай, 08.08, я ізноў бачыў над Нёманам групу свіргулёў, каля 40 птушак, якія моўчкі ляталі на рознай вышыні, а пасля абеду колькі не глядзеў, не заўважыў і не пачуў у горадзе ніводнага. І хаця асобныя свіргулі яшчэ сустракаюцца ў нас і ў пачатку верасня, гэта, хутчэй за ўсё, пралётныя птушкі. А на нашых трэба будзе чакаць да пачатку мая - г.зн. наступныя 9 месяцаў.
Гродна, пачатак жніўня 2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ