Усім вядомая фраза "апынуцца ў патрэбным месцы ў адпаведны час" гучыць банальна, але калі сапраўды шанцуе з абодвума яе складнікамі, адчуваеш сябе ў выдатным настроі і амаль шчаслівым.
У гэты дзень пасля абеду цягнула мяне на Нёман, паздымаць птушак. Хаця звычайна я вымушаны чакаць вечара, каб гэта зрабіць, цягнула так, што я вырашыў - схажу! І не пашкадаваў.
Не спяшаючыся я прайшоў ад нашага 'старога' да наступнага 'новага' маста і там сеў на высокім беразе, дзе і стаў здымаць двух вялікіх белых і шэрую чаплю на востраве перад мастом. Праз некалькі хвілін час ад часу аднекуль ззаду, са спіны і з вышыні я стаў чуць крыкі жураўлёў. Спачатку я не звярнуў на іх увагу, потым падумаў, што шукаць некалькі птушак высока ў небе не мае сэнсу, бо зрабіць ім добры здымак не атрымаецца, ды і здымкаў рознай колькасці шэрых жураўлёў (Grus grus) у палеце маю шмат.
Але паступова крыкі прыбліжаліся, я павярнуўся і калі знайшоў птушак праз аб'ектыў, то хваля здзіўлення 'накрыла' мяне:
Жураўлі ляцелі высока і яшчэ падымаліся, але іх было столькі, што пра дакладныя падлікі не было і гаворкі. (Толькі ў хаце, па здымках і відэа атрымалася, што ў першай групе было каля 500 птушак) Яны ўвесь час мянялі свае шыхты: з меншых клінаў рабілі большыя, потым распадаліся на хмаркі, потым зноў ляцелі клінамі і чародамі на паўночны захад. Столькі жураўлёў разам я яшчэ не бачыў ! А калі першая група адляцела за Нёман і перастала быць бачная, прыкладна тым самым маршрутам, але ўжо ў выглядзе доўгага кліна, нада мной праляцела яшчэ каля сотні жураўлёў!
Увечары я ў ФБ-стужках сяброў з усходу Польшчы прачытаў, што і яны назіралі над сабой у той жа дзень тысячы жураўлёў. А на заўтра зранку моцна пахаладала...
Гродна, 21-09-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ