Працяг. Пачатак - фота-гісторыі І, ІІ, ІІІ, IV, V, VI, VII,VIII і ІХ.
За месяц пасля нашай апошняй сустрэчы з сям’ёй шэрых курапатак (Perdix perdix), якія, як аказалася, пасля знішчэння пад час касьбы трымерамі расліннасці ў сярэдзіне мая, пазней змаглі адкласці паўторную кладку і на прыканцы ліпеня гадавалі двух птушанят, адбыліся яшчэ дзве значныя падзеі. У пачатку жніўня, без фотапарата, я ўбачыў пару дарослых курапатак на іх лужку і быў упэўнены, што гэта мае ‘знаёмыя’ птушкі. Але калі праходзіў каля іх, раптам на ўзгорак выбеглі каля іх яшчэ 3 ці 4 малых (больш дакладна падлічыць не атрымалася)! І гэта значыла, што і другая пара недзе недалёка ад першай страціла гняздо і змагла вывесці з паўторнай кладкі птушанят! Былі яны прыкладна таго ж памеру (а значыць і ўзросту), што і першыя, але іх большая колькасць адназначна казала, што гэта іншая сям’я. На жаль, пазней я іх больш не сустракаў.
Другая падзея, якая адбылася перад нашай наступнай сустрэчай з ‘першай’ сям’ёй курапатак, была смутнай – у сярэдзіне жнівеня іх лужок, які перад гэтым скашвалі цалкам толькі адзіны раз у сярэдзіне мая, быў скошаны зноў. Але дзякуй богу, не ўвесь, а толькі большая яго палова, на пагорку. І унізе пад ім засталася рознай вышыні некранутая травяністая расліннасць шырынёй ад 20 да 30 метраў.
І вось там я і ўбачыў пару дарослых курапатак з двума ўжо падрослымі птушанятамі, якія былі ўжо амаль памерам з бацькамі, але апярэнне мелі выразна іншае. Уся чацьвёрка няспешна абрывала насенне і, магчыма, зялёныя часткі невысокіх раслін на няскошанай частцы лужка і павольна перамяшчалася ўверх, да скошанай часткі. Хаця яны стараліся трымацца побач, ролі яўна былі падзеленыя – першым рухаўся самец, ён і вызначаў агльны кірунак, за ім двое птушанят і замыкала шэсце самка. Насамрэч часам яна адставала ад малых каб пад’есці, але даволі хутка іх даганяла. А самец, здаецца, траціў найменш часу на ежу – даволі рэгулярна ён застываў з выцягнутай шыяй і назіраў за наваколлем, час ад часу кладзячы галаву на бок і адным вокам выглядваючы драпежніка(ў) у небе. Часам, ззаду групы гэтак жа рабіла і самка, але радзей.
Нечакана для мяне ўся сям’я выйшла на скошаную частку лужка і працягвала ісці наперад, нікуды не збочваючы. І праз хвілін пяць не толькі перабегла за самцом дарогу, але і паднялася на таксама абкошаны наступны пагорак, пад драматычным тэатрам. Там яны маглі хавацца толькі ў цяньку пад невысокімі дрэвамі, што і рабілі паміж перабежкамі на адкрытых месцах.
Я не разумеў навошта самец павёў іх туды, але вырашыў не ісці далей за імі. Хутчэй за ўсё, яны вернуцца на свой лужок, бо ён зараз самы бяспечны для іх. Так і атрымалася, я ўбачыў іх там ужо праз два дні.
Працяг ТУТ
Гродна, 23-08-2023
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ