Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Рудахвосткі-чарнушкі: Апошнія насякомыя і апошнія песні

рудахвостка-чарнушка

Рудахвосткі-чарнушкі (Phoenicurus ochruros) - адны з самых позна спяваючых нашых птушак. Звычайна пасля другога (або трэцяга?) вывадку самцы робяць перапынак са спевамі, хаця час ад часу іх чуваць на сваіх тэрыторыях і ў жніўні. Сёлета рэгулярныя штодзённыя восеньскія спевы ў тых самцоў, за якімі я назіраю, пачаліся 2 верасня і працягваліся ажно да сярэдзіны кастрычніка. Часцей за ўсё спяваў толькі адзін самец, але часам яму адказвалі адзін ці абодва суседа. Прычым сонечная пагода аказалася зусім не абавязковым чыннікам для гэтага. І  калі скончыўся надзвычай сонечны і цёплы верасень, рудахвосткі працягвалі спяваць халоднымі ранкамі і вечарамі ў кастрычніку.  Пасля пахаладання і працяглых дажджоў, якія пачаліся з сярэдзіны кастрычніка, рэгулярных спеваў рудахвостак я больш не чую, хаця адзінкавыя спробы ёсць і напэўна будуць працягвацца да адлёту птушак на зімоўку - звычайна да першых маразоў.

Цікава, што рудахвосткі яшчэ ў пачатку кастрычніка працягвалі паспяхова лавіць апошніх наземых насякомых, якія яшчэ не схаваліся на зіму. Як і раней, птушкі для гэтага выкарыстоўвалі невысокія прысады: галіны дрэўцаў, агароджу набярэжнай або поручні лесвіцаў. Канешне, як і летам, яны маглі б завісаць над тым участкам травы, які іх зацікавіў каб выглядзець там патэнцыйную здабычу. Але насякомых стала настолькі менш, а трата энергіі на такі палёт настолькі параўнальна вялікая, што напэўна такі тып палявання больш не аплочваецца птушкам. І хаця патрэбныя рудахвосткам прысады з ідэальнай вышынёй і аглядам наваколля ёсць далёка не паўсюды, усё ж нейкую камбінацыю прысада-вышыня-плошча агляду знайсці можна і птушкі імі пастаянна карысталіся.

Да сярэдзіны верасня - гэта значыць прыкладна за месяц пасля масавага паспявання ягад! - птушкі з'елі фактычна ўсе ягады чорнай бузіны на нашым беразе ракі. Таму калі я 11 кастрычніка здалёк убачыў самку або маладую рудахвостку, якая падбірала чорную ягаду з пліткі, я здзівіўся - адкуль тая ягада магла тут ўзяцца? Але праз 5 дзён усё стала зразумела - побач з гэтым месцам  я заўважыў самца, які сеў на сцябліны дзікага вінаграда і потым паспяхова адарваў і праглынуў (такую ж чорную) ягаду. З пахаладаннем падобных выпадкаў яўна будзе ўсё больш, бо іншай даступнай рудахвосткам ежы навокал застаецца ўсё менш.

Гродна, 04-19.10.2023

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі