Напэўна адзін з нямногіх відаў птушак, які нешта 'выйграе' з рэгулярных скашванняў травяністай расліннасці ў нашых паселішчах - гэта рудахвостка-чарнушка (Phoenicurus ochruros). Птушкі ў асноўным насякомаядныя, хаця калі паспяваюць ягады адпаведнага для іх памеру, ахвотна ядуць іх самі і нават кормяць птушанят. Для таго, каб убачыць і злавіць насякомых і іх лічынак ці павучкоў, рудахвосткі выкарыстоўваюць 2 асноўных стратэгіі: назіраюць за наваколлем з невысокай прысады: маладога дрэўца, куста, агарожджы ці ліхтара і потым злятаюць на зямлю ці плітку, каб схапіць здабычу. Другая стратэгія .ў тым, каб завісаць на нейкай вышыні над месцам пошуку і потым прызямліцца за ежай. Зразумела, што завісанне патрабуе нашмат больш энергіі, чым назіранне з прысады, але ў адрозненне ад яго, магчыма амаль паўсюль і, напэўна, найбольш эфектыўнае над параўнальна высокай расліннасцю. Але наўрацці плошча эфектыўнага прагляду тэрыторыі пад час завісання можа быць вялікай, таму часам рудахвосткі сумяшчаюць гэтыя 2 стратэгіі: спачатку стараюцца выглядзець нешта з прысады, а потым пад завісання над гэтым месцам дакладна бачаць як і дзе здабычу можна злавіць. Скошаная, кароткая расліннасць забяспечвае лепшы агляд на большай плошчы, чым высокая і таксама дазваляе не траціць энергію на завісанне - здабычу і так добра бачна і хутка схавацца ёй асабліва няма дзе.
Каб назьбіраць для птушанят поўную дзюбу безхрыбетных і іх лічынак, ' мой знаёмы' самец чарнушкі ў сярэднім патрабаваў каля 5 хвілін, а потым вяртаўся на адну з прысадаў навокал т.зв. старога маста - недзе сярод яго металічных канструкцый знаходзілася гняздо.
Улічваючы, што рудахвотскі-чарнушкі амаль выключна птушкі нашых паселішчаў і па-за імі сустракаюцца яшчэ і на лецішчах, яны вельмі цярпліва адносяцца да людзей паблізу. Але гэтыя паводзіны змяняюцца калі дарослыя птушкі дакармліваюць птушанят, якія ўжо выпрыгнулі з гнязда. Тады бацькі з ежай і без за некалькі метраў пачынаюць трывожна 'пакрыкваць' і тым самым прыцягваюць ўвагу да сябе. Але можа гэта і лепш для птушанят - тады ўвагу да сябе не прыцягваюць яны, хаця пад час кармлення гучна і высока трашчаць) Таму нават калі птушанят і не бачна і не чутно, па змене паводзін дарослых птушак можна зрабіць адназначную выснову - выляцеў іх чарговы вывадак. А ўжо па яго даце меркаваць - гэта хутчэй за ўсё першы, другі ці нават трэці вывадак у гэтым сезоне..
І вось 19 ліпеня адна з самак рудахвосткі-чарнушкі прыкладна за 20 метраў пачала папярэджваць пра маё набліжэнне сваіх злёткаў, якія хаваліся у паласе чорнай бузіны і ясенелістных клёнаў, а яшчэ праз 9 дзён яўна наконт свайго чарговага вывадку пачаў турбавацца і мой знаёмы самец з гнязда пад мастом. Аказалася, што яго моладзь хавалася сярод густых вербаў недалёка ад маста і менавіта туды ён пачаў прыносіць ім ежу.
Птушаняты даволі хутка трацяць свае не вельмі выразныя святлейшыя за навакольнае апярэнне плямкі спераду цела і становяцца яшчэ больш падобнымі на шэрых самак. І толькі першыя некалькі дзён пасля вылету з гнязда іх яшчэ можна адрозніць ад самак дзякуючы параўнальна кароткаму хвосціку. Але яны хутка вучацца самастойна лавіць безхрыбетных і здаецца, што робяць гэта не менш спрытна за дарослых - гл. апошні здымак.
Чэрвень-ліпень 2023, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ