Дакументацыйныя здымкі
Гэта быў звычайны халодны, цёмны восеньскі дзень з дробным дожджыкам. Я другі раз у жыцці йшоў па гэтай занядбанай вуліцы ў 'прыватным сектары'. Радавалі вочы толькі вялікія, у старым стылі, гароды каля многіх хат і рэшткі старых садоў. Раптам я пачуў ціхае пастукванне і даволі хутка ўбачыў дзятла на адным з тоўстых і высокіх дрэваў за плотам і збоку ад сябе. Птушка займалася пошукам ежы параўнальна недалёка і я хутка змог яе вызначыць як самца сірыйскага дзятла (Dendrocopos syriacus).
Гэты від я бачу ў горадзе нават не штомесяц, таму дастаў фотаапарат і пачаў сачыць за ім праз відашукальнік. Дзяцел даволі хутка перамяшчаўся па рознай таўшчыні галінах, калі раптам я заўважыў, што зусім побач з ім пералятае і другі дзяцел! І гэтая другая птушка аказалася самкай таго ж віду! Я аднойчы ўвосень ужо бачыў, як пара сірыйскіх дзятлаў адначасова адрывала кару і шукала ежу на тым самым дрэве, але ўсё роўна ўбачыць пару дзятлаў у па-за гнездавы сезон разам было нечакана..
Але як хутка аказалася, гэта было яшчэ не самае дзіўнае, што прадэманстравалі мне дзятлы. Самка перамясцілася па доўгай, тоўстай і гарызантальнай галіне так, што апынулася пад адной з тонкіх, у яе абламанага канца і стала ўзірацца ў яе, падняўшы туды дзюбу. І калі я падумаў, што гэта дзіўны аб'ект каб паспрабаваць дастаць з яго лічынак ці імаго насякомых, птушка высунула свой тонкі і доўгі язык і пачала злізваць кроплі вады, якія там звісалі (гэта добра бачна на адным са здымкаў)!
Працягвалася гэта некалькі секундаў, а потым птушкі пераляцелі далей ад плоту (і ад мяне) углыб сада і зніклі там. А я не пашкадаваў, што вырашыў паздымаць іх у дожджык.
Гродна, 14-11-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ