Дакументацыйныя здымкі
Першага крапіўніка (Troglodytes troglodytes), які ўжо заняў сабе зімовую тэрыторыю на беразе Нёмана, я пачуў па характэрнаму відавому патрэскванню яшчэ 10 кастрычніка. І з таго дня час ад часу бачыў і асобных птушак, і зноў чуў папярэджваючы канкурэнтаў голас, і назіраў некалькі пагоняў за парушальнікамі межаў.
Дзве найбольш цікавыя гісторыі, сведкам якіх я стаў з таго часу, ніжэй.
Першая адбылася ў сярэдзіне лістапада, больш праз месяц пасля прыкладнага пачатку падзелу прыбярэжнай расліннасці паміж крапіўнікамі. Яшчэ не было маразоў і параўнальна шмат лісця (негледзячы на назву месяца) яшчэ трымалася на вербах. Я здалёк пачуў траскатанне крапіўніка на беразе і падыйшоў пагядзець як скончыцца тэрытарыяльны канфлікт або ў чым там можа быць небяспека для птушкі, пра якую ён абвяшчае навокал (першыя два здымкі ніжэй). Аднак ніякай небяспекі я не ўбачыў, як і тэрытарыяльнага канфлікту. Самотны крапіўнік пераскокваў ці пералятаў на розныя адлегласці ў нешырокім пасе рэдкай прыбярэжнай расліннасці ад вады да бетоннай набярэжнай і час ад часу гучна патрэскваў. Супернікаў нідзе не было бачна і ён працягваў даследаваць гэтае месца, паволі перасоўваючыся ўздоўж вады ўсё далей і далей. За прыкладна 15 хвілін птушка такім чынам праляцела не менш 60 метраў і нідзе ні разу не сустрэла іншага крапіўніка! І я зразумеў, што гэта або нядаўні гаспадар, які хоча праз канфлікты з суседзямі вызначыць магчымыя межы сваёй зімовай тэрыторыі тут, або (што менш імаверна) стары, які спрабуе пашырыць сваю тэрыторыю і ніхто яму ў гэтым не перашкаджае.
Другая гісторыя адбылася ў першы дзень каляндарнай зімы, з марозам, але амаль без снегу. Я таксама параўнальна далёка пачуў трэвожны трэск крапіўніка і калі падыйшоў да берага, то птушку не прыйшлося доўга шукаць у аб'ектыве. Яна сядзела на самым высокай (у параўнанні з навакольнай заламанай ветрам) расліннасці ў самай вады і абвяшчала, што навокал 'усё маё!'. Стала зразумела, што гэта - гаспадар. Праз некалькі секунд заўважыў парушальніка - іншага крапіўніка - і ён, і я . Той стараўся нізка і хутка пералятаць паміж сухой расліннасцю бліжэй да набярэжнай (і мяне). Але там, дзе мог праціснуцца адзін крапіўнік, каб схавацца, мог і другі. І пачалася спачатку адна, потым другая пагоня, якіх за некалькі хвілін адбылося пяць. Гаспадар тэрыторыі, якая складалася з самага шырокага паса прыбярэжнай расліннасці тут шырынёй у метраў 10, стараўся максімальна блізка гнаць парушальніка межаў за іх, а калі не бачыў яго, то сядаў на добрым для агляду наваколля месцы і абвяшчаў, што ведае, што той яшчэ тут. А потым пачыналася новая пагоня.
У рэшце рэшт парушальнік аказаўся суседам, які адляцеў метраў 15 убок і тады патрэскванне і пагоні спыніліся. Яго тэрыторыя была вужэйшай у разы два і наўрацці больш доўгай, чым у суседа. І магчыма ён спрабаваў павялічыць яе, але пільны сусед не даў яму такой магчымасці.
Усё ж спрабаваць бывае варта - можа твой сусед загінуў ці аслаб настолькі, што не зможа актыўна супраціўляцца? А наперадзе ж яшчэ ўся зіма...
17.11 і 01.12.2023, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ