Дакументацыйныя здымкі
Нават у цёмны і дажджлівы дзень паміж зімой і вясной можна зрабіць нечаканае адкрыццё.
Я падыйшоў да лесвіцы, каб спусціцца ў даліну Нёмана і тут маю ўвагу прыцягнула высокае 'цыканне' - кантактны голас таўстадзюбаў (Coccothraustes coccothraustes). Птушкі, яўна не адна, сядзелі недзе ў дрэвах збоку, над самай далінай. Але пераляталі з месца на месца і я іх так і не зняў там.
А калі спусціўся па лесвіцы ўніз, цыканне стала больш яўным і як мне падалося, нейкім непрывычна масавым. І калі я прайшоў на гук з сотню метраў, то ўбачыў дзесяткі таўстадзюбаў, якія сядзелі на галінах дрэваў перад дарогай на схіле і 'перамаўляліся'. Птушкі не елі, зрэдку пераляталі на некалькі метраў і я са здзіўленнем паспрабаваў падлічыць, ці хутчэй ацаніць іх колькасць. У мяне атрымалася не менш 50 птушак! Ніколі раней я столькі таўстадзюбаў у адным месцы не бачыў і было незразумела, што яны робяць у гэтым месцы? Я паспеў зрабіць некалькі здымкаў і птушкі пачалі пералятаць паралельна рацэ, да якой было метраў 200, уверх па плыні і даволі хутка зніклі ўсе.
А ўжо ў хаце, на маніторы кампутара я налічыў 50 таўстадзюбаў толькі на адным здымку і гэта была хаця і вялікая, але толькі частка іх групы - усе птушкі не 'улезлі' у кадр. Таму думаю, што насамрэч іх там зляцелася-сабралася не менш 70 асобін.
Гродна, 11-02-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ