Снег выпаў напярэдадні ўвечары. Але было не холадна, і ён пачаў падтайваць і таму зранку зрабіўся шчыльнейшым, але застаўваўся мяккім. Навокал стала светла і без сонца і я яшчэ здалёк заўважыў чырвоны яблык, які скакаў па заснежанаму даху аднаго з сараяў за плотам. Канешне, гэта быў самец гіля (Pyrrhula pyrrhula)!
Час ад часу птушка пералятала паміж невысокімі пабудовамі і сядала то тут, то там у снег на гародзе, то вярталася на белыя дахі. Але што гіль збіраў, я зразумеў не адразу. І толькі калі спачатку ўбачыў нешта невялікае і цёмнае на снезе, а потым гэта ўзяў у дзюбу гіль, я ўюачыў, што гэта ... семкі. Семкі былі раскіданы па снезе нягуста, але шырока. Спачатку я падумаў, што гэта маглі зрабіць сініцы, якія па нейкай прычыне не данеслі іх са сталоўкі недзе побач і 'патрацілі' у палёце. Але па меры таго, як гіль пераскокваў па снезе ці пералятаў да ўсё новай і новай ежы, у мяне ўзнік сумнеў у першапачатковай тэорыі 'патрачаных сініцамі семак'. Усё ж наўрацці столькі сініц (ці адна столькі разоў) маглі быць настолькі няздарамі, каб раскідаць столькі сваёй ежы. Але і чалавек не мог бы так шырока раскідаць насенне сланечніка, бо трэба было б гэта рабіць па 1-2 семкі шмат разоў у розных месцах за домам, ды і навошта? І слядоў ад ног відаць на снезе не было.
Таму адкуль там з'явілася столькі ежы для гіля, засталося неразгаданым. Але яе паходжанне для яго было няважным - птушка прыкладна паўгадзіны знаходзіла і хутка вылушчвала на снезе ўсё новыя і новыя семкі.
Гродна, 13-01-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ