Сваю першую сёлета рудахвостку-чарнушку (Phoenicurus ochruros) я выпадкова ўбачыў 21.03: птушка зляцела з зацененай галіны за нейкім сярэдняга памеру насякомым, якое апошні раз у жыцці прызямлілася на пыльную дарогу недалёка ад птушынай прысады. Праз дзень, 23.03, я пачуў першую песенку самца з будынкаў б. гродзенскага бровара, а яшчэ праз дзень, 25.03 зранку і ўвечары стаў сведкам упартых пагоняў у наваколлі гэтых будынкаў. Прычым удзельнічалі ў іх тры птушкі, і, здаецца, 2 былі самкамі (ці 1 самкай і 1 маладым самцом - ён на першых двух здымках, без белага трохвугольніка ў складзеных махавых, якія да таго ж карычневыя, а не чорныя). Было чутно даволі глухое і частае стракатанне і той, хто даганяў, стараўся не адставаць і пасля непрацяглых перапынкаў, пагоні працягваліся. Так я зразумеў, што ідзе падзел тэрыторый.
У мінулым годзе б.піўзавод і яго наваколле займалі тры самцы рудахвостак-чарнушак. І ўжо 28.03 я пачуў песні з прыкладна тых жа мінулагодніх тэрыторый. Вельмі магчыма, што канчатковы падзел адбыўся і на дзень раней, як раз пасля ўпартых пагоняў.
Але ў іншых месцах я амаль штодня чую і бачу новых самцоў, якіх ў папярэднія дні там не было. Яны яўна нядаўна прыляцелі і спрабуюць свае сілы ў розных месцах, бо не затрымліваюцца там, дзе спяваюць. А гэта значыць, што хаця перападзел тэрыторый і магчымы, аднак хутчэй новыя самцы знойдуць сабе новыя месцы, яшчэ не занятыя іншымі для гнездавання - і самак.
25-30.03.2024, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 01.04.2024 - 09:04
Буйныя планы вельмі добрыя,…
Буйныя планы вельмі добрыя, і назіранні цікавыя. Для кожнага важныя: свая тэрыторыя, свая хата, жонка, сям'я.