Нечакана для мяне з пачаткам новага году на Нёмане ў цэнтры гораду пачалі з'яўляцца спачатку некалькі, а потым усё больш і больш гагалей (Bucephala clangula). Пасля пахаладання і з наступленнем маразоў іх стала паміж 2 і 3 сотнямі і амаль увесь час яны харчаваліся, ныраючы за малюскамі. Таму якую-небудзь гісторыю з імі зняць было цяжка, тым больш амаль ва ўсіх выпадках яны праглыналі сваю маларухомую здабычу яшчэ да таго, як вынырвалі на паверхню.
Але па мінулых зімовых назіраннях за гэтым відам я памятаў, што прыкладна з сярэдзіны снежня самцы гагалей і могуць, і актыўна такуюць. І ўсё чакаў магчымасць паздымаць гэта, а яна ўсё не наступала.
Справа ў тым, што для мяне (а можа гэтак і насамрэч) гогалем назвалі людзей, якія ганарыста задзіралі галаву неспраста, а з-за таго, што так пад час такавання робяць самцы гагалей-качак. Адбываецца гэта звычайна ў 4 выразных стадыі: самец выцягвае галаву вертыкальна ўверх, рэзка закідвае яе на спіну, потым вяртае ў тое ж становішча і лапамі распырсквае воду за сабой. Ну і пад час гэтага раздаецца высокое і выразнае "Зззііі-Ззііі!".Часам апошнія стадыі не выконваюцца ці іх цяжка заўважыць:
Аднак птушкі на Нёмане не спяшаліся такаваць! Ці гэтак адбывалася з-за марозаў, ці перашкаджала самцам нешта іншае, але нават у тыя дні, калі я чуў "зззі-ззііі" з боку качак, убачыць хто з іх такуе атрымлівалася далёка не кожны раз і даволі хутка пасля гэтага ніякага паўтору не было. А значыць не было і што здымаць.
Тым не менш, паступова сытуацыя змянялася, але вельмі павольна. Такавыя галасы гагалёў я пачаў чуць амаль штодня, але зноў жа нячаста і тых самцоў, каго бачыў пад час такавання, яўна рабілі гэта без перадапошняй стадыі 'распырсквання вады'. Не менш мне перашкаджала і колькасць качак. Большасць іх трымалася ў вялікіх групах з дзесяткаў птушак і своечасова ўбачыць хто з іх такуе, паспець навесцьці камеру і пачаць здымаць не атрымлівалася.
Але так часта бывае ў назіраннях, што як нешта атрымліваецца ўпершыню, у другі раз гэта адбываецца спраўней і гэты другі раз адбываецца хутчэй) Так атрымалася і са здымкамі такавання. Спачатку выйшла паназіраць за групкай з 4 самцоў, якія плылі побач з адзінай самкай і ўсе стараліся паказць ёй сябе, а на заўтра я змог зняць падобны працэс ужо бліжэй, не адзіны раз і нават з усімі чатырма стадыямі, уключна з распырскваннем вады (гл. на здымках ніжэй)!
Нёман у Гродна, 25 і 26-01-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ