Гарадзкі пляж цяпер час ад часу выкарыстоўваюць 2 пары рачных крычак (Sterna hirundo) - адна сядзіць на сетцы, якая агароджвае месца для купання дзетак, а другая часцей сядзіць на задняй частцы ратавальнага кацера ОСВОДа. І вось у гэтай другой пары на маіх вачах здарыўся канфуз, прычым двойчы)
Хаця самцы цяпер стараюцца як мага больш часу праводзіць побач з самкай (бо інакш як адсачыць, што яна 'належыць' толькі табе?), часам самка пачынае аднастайна крычаць-прасіць ежу. І праз нейкі час самец не вытрымлівае і ляціць тую ці іншую ежу лавіць, а потым вяртаецца з рыбкай у дзюбе. Калі самка вельмі галодная, яна яшчэ здалёк чуе пакрыкванне самца і ляціць яму насустрач - тады перадача ежы з дзюбы ў дзюбу адбываецца звычайна на нейкай прысадзе, якая выступае над вадой. А калі самка не вельмі галодная, то яна чакае на самца на тым жа месцы, дзе яны сядзелі абодва побач і самец асаблівым, размашыстым палётам сапраўды прыносіць рыбку ёй пад самую дзюбу)
Так здарылася і ў гэты раз - самец даволі хутка злавіў і перадаў самцы, якая чакала яго і ежу на металічных поручнях кацера, невялічкага джгіра. А вось далей здарылася нечаканае і для мяне, і напэўна для самца: самка праз некалькі секунд выкінула рыбку назад у ваду, але выглядала гэта так, як бы ўсё здарылася выпадкова:
Самец амаль адразу ўбачыў гэта, зляцеў за здабычай і пасля рытуальнага размашыстага палёту з крыкамі прынёс і перадаў таго ж джгіра самцы зноў. І самка яшчэ раз патрымала рыбку і выкінула яе)
Хутчэй за ўсё праглынанне джгіра самкай не адбылося з-за яго максімальна расстаўленых іголак, але пра сапраўдную прычыну мы можам толькі здагадвацца. Трэці раз самец не стаў лавіць тую ж рыбку і адляцеў за іншай. Праз некалькі хвілін вярнуўся пусты і сеў ужо не побач з самкай, а вышэй яе і хаця недалёка, але асобна на тэнце ратавальнікаў.
Нёман у Гродна, 09-05-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ