У перадапошні дзень вясны я ўбачыў на агароджы набярэжнай Нёмана вялікага галуба (Columba palumbus). І ў гэтым не было б нічога асабліва цікавага, але хутка аказалася, што ён прыляцеў туды з доўгім дубчыкам і круціў яго ў дзюбе як бы ў роздуме што з ім рабіць далей. Я не падыходзіў бліжэй каб не напалохаць птушку і голуб думаў хвіліны 2-3, а потым кінуў тую галінку і адляцеў.
Я ўжо забыў пра гэты выпадак, але назаўтра у тым жа месцы зноў убачыў вялікага галуба і ён зноў прыляцеў і сеў на агароджу з сухой галінкай у дзюбе. Толькі ў гэты раз яна была карацейшая і птушка ўжо ведала куды яе прыладзіць. Месца, дзе галубы будавалі гняздо, знаходзілася ў сярэдзіне густога куста вязу на беразе ракі. І толькі калі бачыць куды заляцеў голуб і хуценька падыйсці бліжэй, можна было ўбачыць будаўніка праз лісце. Само ж гняздо бачна не было.
Тым не менш, выдатная маскіроўка напэўна не дапамагла птушкам - у наступныя дні я іх больш не бачыў і думаю, што спроба другога за сезон гнездавання чамусьці ў іх не атрымалася.
30 і 31-05-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ