Пара палявых падкаменак (Oenanthe oenanthe) амаль незаўважна і ціха - бо яшчэ не чуў, каб самец хаця б раз заспяваў, утварылася на старым і даўно вядомым мне гнездавым участку за сцяной былога піўзавода.
Прыкладна тыдзень дажджоў і зусім халоднае як для нармальнай вясны надвор'е напэўна зрабілі сваю справу. І вось у першы параўнальна цёплы і сонечны дзень самка яшчэ не думае пра гняздо, а часта сядзіць у траве ці пералятае ў ёй на невялікія адлегласці, каб знайсці ежу. Прыкладна за гадзіну маіх назіранняў толькі аднойчы ў яе атрымалася злавіць нешта сярэдняга памеру. А так - толькі мурашы ці нешта маленькае, параўнальнае з імі памерам. Іх птушка збірае хуткімі рухамі дзюбы.
З самцом яны палююць на адлегласці ад 2-4 да некалькі метраў і ніхто нікому не перашкаджае. Але калі недалёка ад самкі мурашоў (?) стаў лавіць яшчэ і самец рудахвосткі-чарнушкі (Ph. ochruros), самка доўга не вытрымала і прагнала яго.
Калі гарадзкія і вясковыя ластаўкі, якія толькі прыляцелі, але ўжо ў вялікай колькасці лятаюць навокал падаюць гучны і выразны сігнал небяспекі, самка паглядае ўгору - ластаўкі проста так крычаць не будуць, значыць выглядзелі шуляка-карагольчыка. Але сама нікулы не хаваецца - пэўна спадзяецца на свае сілы.
Гродна, 26 і 27.04.2022,Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ