Дакументацыйныя здымкі і відэа
Хаця сёлета багаты ўраджай рабіны, да першага значнага пахаладання (якое ў нас адбылося ў апошнія дні верасня) ніякіх іншых птушак, апроч драздоў-піскуноў, я на ёй не бачыў. А вось калі пахаладала, ягадамі зацікавіліся і некаторыя шэрыя вароны (Corvus corone cornix). У скверыку на супрацьлеглым беразе Нёману растуць некалькі высокіх рабінавых дрэваў, і на адным з самых бедных на ягады, але тым, што расце сярод іншых дрэваў, я і заўважыў адну птушку. Прычым яна ці то гуляла, намагаючыся адарваць ягады і для гэтага павісла галавой уніз і дапамагала сабе крыламі (гл. здымак ніжэй), ці то трэніравалася на будучыню.
Але ў наступны раз я зноў убачыў у тым жа месцы варону толькі праз 2 тыдні. У гэты раз яна паводзіла сябе больш сур'ёзна і сядзела на такой жа вышыні, але самым багатым на ягады дрэве і лёгка адрывала то па адной, то па некалькі ягад адразу і пад сабой, і над сабой. Прычым даволі віртуозна трымала па адной ягадзе і ў дзюбе, і нават нагой)
У мінулым годзе вароны менавіта на гэтым жа дрэве вялі сябе вельмі падобна і часам адрывалі па многу ягад, а часам даволі доўга елі адну. Ці то гэта залежала ад смаку канкрэтных рабін, ці то ад настрою птушкі, я так і не зразумеў...
Працяг будзе
Гродна, 30.09 і 12.10.2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ