Зусім недалёка ад дубоў і жалудоў пад імі, за спажываннем якіх я стараюся назіраць апошнія некалькі дзён, стаяць высокія рабіны, у ровень з іншым навакольнымі дрэвамі скверыка. Ягад сёлета на іх, і не толькі там, шмат. Але і пад імі таксама нямала валяецца. І калі жалуды час ад часу падаюць і падаюць і пад час маёй там прысутнасці, то каб рабіна сама асыпалася я не бачыў, хаця і не выключаў гэтага. Дзіўна толькі было, што ўсе ягады ляжаць паасобку, бо калі б іх 'абрываў' вецер, гэта хутчэй былі б цэлыя гронкі.
І вось у адзін з кастрычніцкіх дзён я пачуў над сабой галасы варон (Corvus (corone) cornix) - спачатку адна, а потым яшчэ трое птушак прыляцелі на рабіны і сталі адрываць па адной чырвона-аранжавыя ягады. Па мінулых гадах я ведаў, што і вароны, і гракі часам ядуць рабіну. Але ў гэты раз усё аказалася цікавей (гл. здымкі ніжэй): птушкі адрывалі ягаду, часам прабавалі яе, асцярожна кранаючы дзюбай прыціснутую да галіны лапай. Аднак часцей проста кідалі ўніз нават не спрабуючы пакаштаваць. І так працягвалася хвілін 5, пакуль птушкі не адляцелі. Так што пакуль даступнай ежы навокал многа, ягады рабіны для варон толькі гульня. Але калі яе стане менш, рабіна яўна можа стаць і дэсертам - пасля асноўных 'страваў'.
Гродна, 13-10-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ