Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Гракі, грэцкія арэхі і спрытныя каўкі

грак

Сезон грэцкіх арэхаў, якія птушкі зрываюць непасрэдна з дрэваў, амаль скончыўся. Але пакуль ён быў у разгары, у той самы дзень атрымалася зрабіць два аднатыпных назіранні, у якіх аказалася рознае (ці ўсё ж аднолькавае?) заканчэнне.

Каб пазбегнуць спробаў адабрання (клептапаразітызму) здабытага грэцкага арэха, шэрыя вароны (радзей) і гракі (часцей) або адразу пачынаюць яго раскалваць на тым самым грэцкім арэху-дрэве, або пералятаюць з ім на іншае дрэва, або спачатку скідываюць, раскалываючы на асфальт або плітку, а ўжо потым узлятаюць з ім на дрэва дзе і ядуць.

Зразумела, што на першы погляд самы надзейны варыянт - першы (то бок нікуды не ляцець і раскалываць ды есці там, дзе і здабыў). Але з іншага боку калі ясі на дрэве, на якое за арэхамі прылятаюць каб знайсці такую ж ежу іншыя птушкі, рызыкуеш звярнуць на сябе іх непажаданую ўвагу. Таму, хутчэй за ўсё, самы надзейны варыянт другі - адляцець дзесяткі ці сотні метраў і раскалываць ды есці на іншым дрэве, дзе імавернасць клептапаразітызму вельмі малая.

Трэці ж варынт звычайна з-за характэрнага гуку, які атрымліваецца ад скінутага на цвёрдую паверхню арэха, можа прыцягнуць шмат увагі і арэх могуць адабраць яшчэ да таго, як птушка-гаспадар здабычы здолее яго падняць. Ды і потым, нават у выніку няўдачы першай спробы клептапаразітызму, магчымыя іншыя ўжо там, дзе будзе адбывацца, няхай і на дрэве, раскалванне і спажыванне.

Як ні дзіўна, каўкі (Corvus monedula) знайшлі асобных гракоў (C.frugilegus) з ужо адарванымі непасрэдна з дрэва арэхамі і ў першым, і ў другім варыянце. У першым пасля гэтага каўка паступова падбіралася, пераскокваючы з галіны на галіну ўсё бліжэй і бліжэй да грака з арэхам не толькі каб ён яе убачыў, але і каб выразна самой бачыць што і як у яго атрымліваецца з арэхам ці не. Хутчэй за ўсё тут працуе спадзяванне каўкі на тое, што звычайна арэх раскалваецца на 2 паловы і ўтрымаць іх абедзве на галіне, на якой ён быў расколаты, даволі складаная задача. І таму ў пэўны момант можна паспрабаваць адну з двух паловаў выхапіць без асаблівых апасенняў пагоні. Бо сэнсу ў ёй няма - дагнаць і вярнуць палову арэха, трымаючы яшчэ адну ў дзюбе будзе складана і ды і адна палова ж засталася і можна з'есці хаця б яе)

У першым выпадку, непасрэдна на грэцкім арэху-дрэве нічога ў каўкі не атрымалася і грак даеў свой арэх цалкам, пасля чаго даволі працяглы час не адлятаў і назіраў за наваколлем.

У другім жа выпадку каўка прыляцела вельмі блізка 'назіраць' за працэсам расколвання арэха на елку, на адной з галін якой гэта і адбывалася. І грак хутчэй за ўсё занерваваўся з-за яе нахабнасці і ўпусціў арэх пасля некалькіх спробаў-удараў па ім  дзюбай. Арэх упаў на зямлю, дзе і застаўся ляжаць:

Такім чынам, цікавая (спрытная, нахабная) стратэгія кавак працуе далёка не заўсёды. 

Гродна, 20-10-2024

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі