'Сезон арэхаў' працягваецца і дзякуючы таму, што іх яшчэ шмат няз'едзеных, частку не толькі атрымліваецца прыхаваць на нейкую больш ці менш аддаленую будучыню, але і, натуральна, есці. І вось дзякуючы штодзённым назіранням у скверыку, дзе з-за невялікай колькасці людзей удзень збіраецца шмат птушак, атрымалася ўбачыць новыя паводзіны абыходжання апошніх з грэцкімі арэхамі. Найперш гракоў (Corvus frugilegus), але не толькі іх і не толькі з арэхамі.
А справа ў тым, што нават калі ты знайшоў грэцкі арэх, гэта зусім не абавязкова значыць, што ты яго і з'ясі. Першы варыянт дзеянняў, гэта прынесці яго раскалываць, скідваючы на плітку ці асфальт. Тактыка вельмі эфектыўная, і звычайна для гэтага хапае аднаго, часам двух ці трох разоў. Аднак глухі, але гучны стук ад падзення арэха на цвёрдую паверхню прыцягвае ўвагу іншых птушак і яны могуць адабраць ці проста лоўка выхапіць арэх, што і бывае параўнальна часта калі навокал шмат іншых птушак.
Другая тактыка выглядае больш складанай і часаёмкай, але таксама зручнай і эфектыўнай: птушка разбівае арэх (толькі) ударамі дзюбы на зямлі. Для гэтага трэба не толькі ўмець правільна павярнуць арэх для ўдару, разлічыць месца і ўдар, але і трымаць арэх пальцамі ў патрэбным становішчы. Нават калі арэх і адкаціцца пасля няўдалай спробы, то недалёка, гукі ўдараў не вельмі гучныя, але тым не менш птушкі, занятыя такім ускрыццём арэхаў прыцягваюць увагу іншых. Яны сядзяць адкрыта і ёсць магчымасць нечакана напасці на іх з розных бакоў, асабліва з паветра. У выніку можна застацца без арэха на розных стадыях яго спажывання.
І вось усё часцей я стаў заўважаць новую тактыку, якой раней не бачыў, а можа зрэдку сустракаў, але не звяртаў асаблівай увагі. У розных месцах скверыка, а часам у 2-3 адначасова, стаў чутны больш-менш рэгулярны стук, але не гучны, а такі больш дзятлавы. Аказалася, што некаторыя з птушак (найчасцей гракі) стараюцца разбіць арэхі, седзячы на галінах розных дрэваў!
Прычым від дрэва і нават нахіл ці таўшчыня галіны, на якой адбывалася 'аперацыя', не мае асаблівага значэння. Пасуюць і параўнальна тоўстыя гарызантальныя галіны, і танчэйшыя, і нахіленыя, і іх развілкі-адгалінаванні. Зразумела, што ўтрымаць у такіх месцах амаль шарападобны арэх нашмат цяжэй, чым на зямлі, трэба больш дакладна разлічваць і ўдар, і яго месца, каб арэх не зваліўся ўніз і не прыйшлося яго шукаць або адбіраць. Але калі рабіць гэта дакладна і акуратна, хаця і параўнальна даўжэй за першыя два спосабы, шанцы страціць ежу ў выніку нападу практына раўныя нулю. Бо незаўважна падляцець да птушкі сярод галін немагчыма, як і падабрацца па галіне збоку так, каб выхапіць арэх. Хаця такія спробы ёсць, але заканчваюцца яны няўдачай.
Як і іншыя паспяховыя паводзіны, гэтыя павінны хутка распаўсюджвацца сярод птушак і я назіраў іх, акрамя гракоў і ў шэрых варон, і ў кавак (з жалудамі). Але з-за таго, што падлічыць усе выпадкі ці спробы раскалывання арэхаў рознымі спосабамі хутчэй немагчыма, цяжка дакладна сказаць, што трэці спосаб ці надрэўная тактыка сапраўды выкарыстоўваецца ўсё часцей. Але такое ўражанне ў мяне склалася. Магчыма, што лістапад зробіць птушак, якія выкарыстоўваюць 'трэцюю тактыку' больш заўважнымі для іншых. Ды і колькасць нез'едзеных арэхаў павінна паступова зменшыцца. Але ці гэта зменіць паводзіны птушак?
10-2022, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ