Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Зялёная перасмешка: Другая спроба

зялёная перасмешка

Я спусціўся ў самы 'дзікі' кавалак поймы Гараднічанкі з іншай прычыны, але патрэбны мне від - зімародак - не прылятаў. І хутка мая ўвага пераключылася замест назірання непасрэдна за рэчкай, на самым беразе якой, надзейна прыкрыты са спіны даволі высокай расліннасцю, я сядзеў, на самае высокае дрэва на тым беразе. Гэта быў не стары ясенелістны клён, інвазійны чужародны від, які запаланіў шмат якія поймы нашых рэчак і рэк і не толькі іх. Зразумела, што ў пойме былі нашмат больш жывапісныя дрэвы і кусты, але менавіта гэтае выбрала для сваіх спеваў зялёная перасмешка (Hippolais icterina), якая яўна спрабaвала прыцягнуць ці ўтрымаць увагу сваёй партнёркі для другога гнездавання ў гэтым сезоне.

Пэўна выбар перасмешкі быў слушны, бо некаторае лісце клёна ўжо пажаўцела, некаторае - толькі пачало жаўцець і ў камбінацыі з зялёным колер яшчэ жывой лістоты ўсё гэта надзейна хавала птушку нават калі яна нерухома сядзела. Бо колеры яе апярэння як раз адпавядалі наваколлю. Часам мяне нават злавала гэтая яе выдатная мімікрыя, бо я прыкладна ведаў дзе сядзіць птушка, але знайсці яе сярод лісця было нялёгка, а часам і не ўдавалася. Але толькі да часу, пакуль я не зразумеў што ёй 'рухае' пад часу выбару месца для спеву.

Тое, што самы высокі пабег амерыканскага клёна быў хаця і не нашмат, але вышэйшы ў абодва бакі на дзесяткі метраў за ўсе іншыя дрэвы, пэўна даваў магчымасць птушцы адчуваць сябе і спяваць адтуль больш упэўнена. Але часам яе спробы апынуцца ўсё вышэй і вышэй, пераскокваючы з месца на месца, выглядалі амаль камічна: калі яна пералятала на той бераг, варта было толькі пачакаць некалькі секунд і перасмешка паступова пералятала ўсё вышэй і вышэй, прычым часта нават тым самым шляхам:

У параўнанні з вясновай песняй, гэтая летняя гучала інакш. Па-першае, нават самыя працяглыя кавалкі чарадаваліся цяпер з нашмат больш доўгімі паўзамі або кароткімі адрывістымі аднастайнымі гукамі, і, па-другое, некаторыя кароткія песні гучалі дзіўнавата і я такіх раней ні ад яе, ні ад іншых відаў (якія перасмешка адпаведна з назвай, 'перасмейвае', але на нішай хуткасці), не чуў:

Акрамя 'любімага' дрэва на тым беразе, было адно - маладая альха - і на маім. Як ні дзіўна, яно не было самым высокім - непасрэдна за ім раслі і вышэйшыя, але яно было найбліжэй ракі і стаяла трошкі асобна ад рэшты і можа яшчэ чым вылучалася для перасмешкі ў лепшы бок. Аднак назіраць за яе паводзінамі на гэтай вольсе я не мог, не здзрадзіўшы сябе, бо дрэва і птушка на ім былі амаль дакладна за маёй спіной і павярнуцца каб убачыць яе я не мог не ўстаўшы, а тады ўся маскіроўка прападала. Але перасмешка дзяліла свой час, са спевамі і без, прыкладна пораўна паміж гэтымі дрэвамі-прысадамі і пералятала, адпаведна, з аднаго на другое і назад.

Дзякуючы ёй, мой час у пойме мінуў хутка і калі я ўжо пайшоў дахаты, то з удзячнасцю пажадаў перасмешкам паспяховага другога гнездавання.

Гродна, 09-07-2023

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі