Вельмі арыгінальная эксперыментальная праца па дамінацыі доўгадзюбых калібры (Phaethornis longirostris) была нядаўна апублікаваная ў часопісе Scientific Reports. Аказалася, што самцы-дамінанты апынуліся на гэтай пазіцыі дзякуючы выдатнай прасторавай памяці, а не памерам ці сіле.
"Калі мы ўспамінаем разумных жывёл, мы ў першую чаргу думаем пра дэльфінаў, крумкачовых ці малпаў. Аднак кожны з відаў разумны па-свойму, бо менавіта яго здольнасці патрэбныя для яго ладу жыцця” – кажа Марсэла Арайа-Салас (Marcelo Araya-Salas), аспірантка лабараторыі арніталогіі Карнельскага ўніверсітэту (Cornell Lab of Ornithology) і галоўная аўтарка публікацыі: "Кожная жывёла можа атрымаць перавагу перад іншымі, калі добра ведае наваколле.” Не выключэнне і калібры, для якіх ужо была даказана выдатная памяць.
Доўгадзюбыя калібры – параўнальна звычайны від, шырока распасюджаны ў дажджавых лясах Коста Рыкі, дзе і праводзіліся даследаванні і ставіліся эксперыменты. Доўгая і загнутая дзюба дае птушкам магчымасць харчавацца нектарам кветак heliconia.
Самцы сядзяць на прысадах у лясным падлеску ў спецыяльным месцы, якое называюць токам і час ад часу спяваюць там штодня пад час гнездавога сезону, які цягнецца 8 месяцаў. Самцы-дамінанты могуць біцца за найлепшыя прысады на таку, а суб-дамінанты, якіх таксама называюць "floaters," прылятаюць на ток, але абараніць добрыя прысады ад дамінантаў не могуць.
Самцы, якія займаюць найлепшыя прысады, рызыкуюць страціць іх як мінімум на час, які ім патрэбны, каб узнавіць свае запасы энергіі. Таму тэарэтыяна тут выйграюць тыя самцы, якія могуць недзе паблізу знайсці багатыя нектарам кветкі і хутка вярнуцца. Часта самцы вымушаныя ляцець на “дазапраўку” нават больш кіламетра ў адзін бок і выбіраць там з тысяч кветак тыя, якія поўныя нектара.
Арайя-Салас з калегамі вырашылі паставіць параўнальна просты эксперымент, каб праверыць як добра розныя самцы запамінаюць дзе лягчэй знайсці ежу. Для гэтага навукоўцы паставілі па тры паілкі для калібры недалёка ад розных такоў. У двух была вада, а ў трэцяй- вада з цукрам, якую ахвотна пьюць калібры замест нектару. Усяго назіранні правялі за 30 самцамі з трох месцаў такавання і большасць самцоў прылятала да паілак не менш 10 разоў. Даследчыкі назіралі за тым, як птушкі знаходзілі паілку з салодкай вадой і потым запісвалі колькі самцоў ізноў знойдзе патрэбную паілку з першага разу пад час наступных прылётаў.
"Быў адзін самец, які ўсе разы знаходзіў адпаведную паілку адразу правільна. Але быў і такі, які знаходзіў салодкую воду “метадам тыку” – г.зн. яўна выпадкова. Былі і прамежкавыя па поспеху птушкі” – сказала Арайя-Салас.
Пасля аналізу пазнак птушак аказалася, што самцы-дамінанты з току былі тымі, хто меў выдатную прасторавую памяць, тады як субдамінанты- floaters былі тымі, хто не памятаў размяшчэнне паілак і шукалі патрэбную амаль штораз. І гэтыя паводзіны не залежалі ад узросту калібры, і гэта значыць, што не толькі старыя самцы былі дамінантамі і мелі лепшую памяць, чым маладыя калібры. Яшчэ больш здзівіла даследчыкаў тое, што дамінантамі аказаліся не самыя вялікія памерамі ці сіле птушкі! Апошнюю рысу правяралі, мераючы здольнасць калібры падымаць прымацаваную да іх розную вагу.
Арайя-Салас тлумачыць атрыманыя вынікі тым, што самцам з добрай прасторавай памяццю лягчэй знайсці патрэбныя месцы і кветкі для харчавання і яны хутчэй вяртаюцца на ток, а на таку яны памятаюць якія з найлепшых прысадаў былі занятыя праціўнікамі і гэта таксама дапамагае ім ў абароне сваёй.
Дадаткова аказалася, што дамінантныя самцы спявалі больш аднародныя песні, што можа служыць адной з падказак самкам пра дасведчанасць і высокі ранг самца.
Крыніца:
Marcelo Araya-Salas et al (2018) Spatial memory is as important as weapon and body size for territorial ownership in a lekking hummingbird, Scientific Reports. DOI: 10.1038/s41598-018-20441-x
Паводле www.rarebirdalert.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Яркія самцы больш сэксуальныя, аднак яны горш лятаюць
Калі калібры апынуліся ў Амерыцы і што з гэтага атрымалася
Кветкі і салодкія прысмакі прыцягваюць самак
Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы
Канфармізм і нонканфармізм у птушак на прыкладзе вялікіх сініц
Даказана: самкі вялікіх сініц маюць лепшую памяць, чым самцы
ХОЧАШ ЗАСТАЦЦА З ТЫМ САМЫМ ПАРТНЁРАМ? - НЕ СПАЗНЯЙСЯ НА МЕСЦА ГНЕЗДАВАННЯ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ