Кіпр: больш за мільён забітых птушак

Забойства птушак, якія мігрыруюць праз гэты востраў, дасягнула новага ўзроўню – на сярэдзіну кастрычніка кіпрыёты ўжо злапалі і забілі больш за мільён толькі вераб’іных птушак.

Гэтую ацэнку прывяла грамадзкая арганізацыя BirdLife Cyprus, якая сочыць за трагічнымі падзеямі з 1 верасня. Дадзеныя па колькасці злапаных птушак былі разлічаныя паводле актыўнасці “лоўшчыкаў птушак” і сістэматычным спробам выратаваць птушак і перашкодзіць браканьерам.
Не гледзячы на неаднаразовыя і недвухсэнсоўныя заявы прадстаўнікоў Еўразвязу пра неталераванне нелегеальнай дзейнасці браканьераў, падобна на тое, што гэты месыдж не дайшоў да жыхароў і ўладаў вострава.
Галоўнымі ахвярамі дзялкоў становяцца дробныя вераб’іныя птушкі – такія, як чорнагаловыя ці шэрыя лескі, трупікі якіх пастаўляюцца ў шматлікія рэстараны, дзе з іх гатуюць мясцовы дэлікатэс - ambelopoulia.
Птушак ловяць, расстаўляючы адмысловыя сеткі і развешваючы на дрэвах палачкі, абсмараваныя клеем. Для таго, каб прыцягнуць птушак у пастку, браканьеры выкарыстоўваюць запісы іх голасу. Сезон міграцыі птушак  - і іх адлову – яшчэ не скончыўся і таму забітых птушак будзе нашмат больш. 
Не гледзячы на тое, што ў ліпені ў сталіцы вострава прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная супрацьдзеянню нелегальнаму забойству птушак, нічога ў іх лёсе не змянілася на лепшае. Прадстаўнікі BirdLife Cyprus патрабуюць ад уладаў масавых акцый супраць рэстаранаў і браканьераў.
Каб яшчэ раз паказаць ураду і грамадзкасці вострава непакой людзей з усяго Свету наконт працягу гэтага вялікамаштабнага браканьерства, арганізацыя ініцыявала яшчэ адну петыцыю супраць забойства птушак на Кіпры, якую на сёння падпісалі больш за 11 тысяч чалавек.
 

Калі Вы жадаеце далучыць да іх свой голас пратэсту, гэта можна зрабіць тут:
www.gopetition.com/petitions/call-for-action-against-illegal-bird-trapping-in-cyprus.html
 

Здымак удода, які прыліп да галінкі з клеем з www.birdlifecyprus.org
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by