Паводле польскіх і ізраільскіх арнітолагаў, якія праводзілі палявыя доследы на маскіраваных грычунах (Lanius nubicus), чорная стужка праз вочы патрэбная гэтым невялікім драпежнікам пад час паляванняў у поўным сонцы і выконвае прыкладна такую ж функцыю, як у людзей супрацьсонечныя акуляры. Артыкул пра цікавыя вынікі з’явіўся нядаўна ў часопісе „Behavioral Ecology”.
Матэрыял ад 20 птушак збіраў у палявых умовах праф. Рэўвэн Ёзэф (prof. Reuven Yosef) з універсітэту Бэн Гурыёна ў Ізраілі. А вынікі апрацоўвалі ў Познані (Польшча) д-р Пётр Здуняк (dr Piotr Zduniak) з кафедры біялогіі і экалогіі птушак універсітэту імя Адама Міцкевіча і праф. Пётр Трыяноўскі (prof. Piotr Tryjanowski) з Інстытуту заалогіі Прыродазнаўчага ўніверсітэту.
У часткі грычуноў чорную стужку праз вочы замалёўвалі нетаксічнай белай фарбай. Аказалася, што яны часта пад час палявання паварочваліся да сонца спіной, тады як грычуны з незамазанай стужкай часта палявалі і супраць сонца. Менавіта ў гэтай групы “кантрольных” птушак 85% атак былі паспяховымі, а ў паддосьледных птушак – нашмат менш. Д-р Здуняк тлумачыць такія вынікі тым, што “маска дапамагае радзіць з асляпленнем праз сонца. Адначасова драпежнік, які палюе супраць сонца, не адкідвае на патэнцыйную ахвяру сваю цень, якая магла б яго выдаць. Да таго ж драпежніку ў такім выпадку лягчэй убачыць ахвяру, бо яна мае цень, накіраваны ў яго бок”.
Белая фарба з часам знікала з галоў паддоследных грычуноў і яны паступова вярталіся да паляванняў супраць сонца і, адначасова, павялічвалі свой поспех палявання.
Аднак аўтары артыкулу засцерагаюць ад аўтаматычнага пераносу атрыманых тлумачэнняў на іншыя віды грычуноў – таксама з чорнымі маскамі на вачах. Для іншых відаў больш важным можа быць маскіроўка, але гэта патрабуе адмысловых даследванняў.
Паводле www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак з www.pixdaus.com
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ