Імператарскіх пінгвінаў падлічылі з космасу

Аказалася, што імператарскіх пінгвінаў (Aptenodytes forsteri), якія насяляюць Антарктыку, ў два разы больш, чым думалі дагэтуль. Міжнародная каманда навукоўцаў з Вялікабрытаніі, ЗША і Аўстраліі з выкарыстаннем спадарожнікавых тэхналогій змагла адсачыць птушак і падлічыць амаль 600 тысяч пінгвінаў.  

Дзякуючы таму, што гэтыя птушкі збіраюцца ў вялізарныя гнездавыя калоніі, яшчэ ў 2009 годзе атрымалася зрабіць не зусім звычайнае адкрыццё – на спадарожнікавых здымках не самай высокай якасці добра бачныя карычневыя плямы ад памёту пінгвінаў на белым лёдзе, бо ў кожнай з гнездавых калоній збіраецца каля 10 тысяч птушак (падрабязней пра гэта тут: www.birdwatch.by/news/347 ).


Пасля таго, як такая калонія знойдзена, птушкі падлічваюцца на спадарожнікавых здымках добрай якасці і разрашэння.


Калі змену клімату працягнуцца ў тым жа тэмпе, навукоўцы прадказваюць значнае змяншэнне колькасці пінгвінаў у бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Бо змены ў лядовым покрыве Антарктыды не толькі будуць уздзейнічаць на гнездаванне, але і на харчовыя рэсурсы пінгвінаў вакол кантыненту.


"Для таго, каб зразумець ці сапраўды будучыня імператарскіх пінгвінаў будзе пад пытаннем з-за пацяплення клімату, мы павінны ведаць як многа птушак тут сёлета і мець адпаведныя метады каб маніторыць іх штогод” – сказаў Піцер Фрэтўэл (Peter Fretwell) з Брытанскай антарктычнай выведкі (British Antarctic Survey (BAS)). Цяпер такія неабходныя лічбы атрыманы.


Навукоўцы правялі падлікі ў 44 асноўных гнездавых калоніях, у тым ліку 7 раней невядомых.


Хаця знайсці з дапамогай спадарожнікаў гнездавыя калоніі аказалася параўнальна лёгкай справай, дакладна падлічыць кожную птушку нават дзякуючы здымкам з высокай дакладнасцю не магчыма. Таму ў некаторых месцах даследчыкам прыйшлося праводзіць “каліброўку” дадзеных з зямлі і з дапамогай аэрафотаздымкі. Такім чынам было падлічана 595 тысяч імператарскіх пінгвінаў.


Вынікі працы былі апублікаваныя ў часопісе PLoS One.


Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by