У дажджлівы жнівеньскі дзень у Канюхоўскім Сельскім доме культуры, што на Бераставіччыне, сабраліся неабыякавыя да мясцовай прыроды людзі розных прафесій. Аграгарадок Канюхі знаходзіцца на ўскрайку заказніка мясцовага значэння “Свіслач”, які быў створаны ў 2003 годзе для захавання на нізінным балоце Грайна ў першую чаргу вяртлявай чаротаўкі. Аднак з таго часу арнітолагі і батанікі даведаліся шмат новага пра гэтыя месцы і сабраныя імі дадзеныя адназначна сведчаць пра тое, што межы заказніка трэба пашыраць на ўсю захаваную амаль у некранутым стане пойму ракі Свіслач, а таксама на частку вадасховішча Нёманскай ГЭС, у якое з восені 2012 году рака фактычна ўпадае.
На працягу першых 8 месяцаў гэтага году Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ рэалізоўвала праект “Падрыхтоўка абаснавання стварэння біялагічнага заказніка ў даліне ракі Свіслач (Гродзенскі р-н Гродзенская вобласць) з удзелам мясцовага грамадства” дзякуючы фінансаванню Рэгіянальнага Экалагічнага Цэнтру для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (REC) пры падтрымцы ўрада Швецыі.
Гнездаванне шчуркі-пчалаедкі для Гродзенскай вобласці даказана толькі тут. Здымак Мікалая Гулінскага.
Вусатая сініца (на фота - самец) была ўпершыню адзначана на Свіслачы падчас мінулагодняга Birdrace. Здымак Мікалая Гулінскага.
Пад час шматлікіх палявых выездаў у даліне ракі былі адзначаны ў розным статусе больш за 30 відаў рэдкіх і знікаючых птушак з апошняй рэдакцыі Чырвонай кнігі Беларусі і МСАП, знойдзены значныя цэнапапуляцыі трох рэдкіх відаў раслін (здымкі Алега Созінава):
дудніка балотнага,
берулі прамой і
валдырніка ягаднага.
Акрамя гэтага, знайшліся ў даліне Свіслачы і тры тыпы ахоўваемых у Еўропе паводле Дырэктывы ЕС па месцаабітаннях і Бернскай канвенцыі (да якой Беларусь далучылася ў 2013 годзе) біятопаў (здымкі Алега Созінава):
гіграфільныя высокатраўныя апушачныя лугі,
таёжныя пойменныя лугі,
чорнаальховыя лясы на пераўвільготненых глебах і нізінных балотах.
За гэты час былі праведзеныя некалькі сустрэч-семінараў і міні-лекцый для школьнікаў мясцовых школаў, палявы летнік для студэнтаў біяфаку з удзелам канюхоўскіх старшакласнікаў, надрукаваныя і распаўсюджаныя сярод мясцовай грамадскасці буклеты, плакат, налепкі і ўрачыста адкрытыя інфармацыйныя шыльды, якія, маем спадзеў, застануцца вакол самых каштоўных кавалкаў прыроднай спадчыны Нёманскай Свіслачы надоўга.
Пад час апошняга семінару пад сымбалічнай назвай “Нёманская Свіслач: наша агульная каштоўнасць і адказнасць” Дзьмітрый Лебедзеў (на фота), галоўны спецыяліст Гродзенскага абласнога камітэту міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, распавёў аб выкананні дзяржаўнай праграмы развіцця сістэмы асоба ахоўваемых прыродных тэрыторый на Гарадзеншчыне. Новы заказнік “Нёманская Свіслач” уключаны ў праграму і будзе ўключаць у сябе папярэдніка – заказнік “Свіслач” у Бераставіцкім раёне, а таксама даліну Свіслачы ў Гродзенскім раёне і агульная яго плошча складзе каля 5000 га.
Дзьмітры Вінчэўскі, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ, расказаў незвычайную гісторыю пераадкрыцця вяртлявай чаротаўкі ў Беларусі і пра сучасныя праблемы віду ў Еўропе і на балоце Грайна – літаральна побач з месцам правядзення семінару.
Кандыдат біялагічных навук Алег Созінаў, загадчык кафедры батанікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Я.Купалы, паказаў прыкладныя межы будучага заказніка і як выглядаюць найбольш каштоўныя мясцовыя біятопы і віды раслін, а таксама прапанаваў доўгі спіс магчымых шляхоў захавання мясцовай біяразнастайнасці.
Пад час супольнага абмеркавання праблем і магчымага іх вырашэння аказалася, што галоўная праблема хвалюе і мясцовых жыхароў, і мясцовых птушак. Гэта – незвычайна высокі і стабільны сёлета ўзровень вады ў р.Свіслач вышэй т.зв. Свіслацкай мініГЭС. Нізіннае балота паміж вв.Грайна і Ярмолічы паступова ператвараецца ў возера, змяняецца расліннасць і відавы склад гняздуючых там птушак, а ў навакольных гаспадарствах пастаянна стаіць вада. Ў чым прычына гэтай негатыўнай з’явы і ці звязана яна з працай мініГЭС на Свіслачы, трэба будзе шукаць адказы ўжо ў бліжэйшай будучыні.
Удзельнікі семінару пад час адкрыцця першай шыльды, прысвечанай вяртлявай чаротаўцы (гл. таксама самае верхняе фота) на ўскрайку балота Грайна.
Атрымалася пад час семінару зрабіць і вельмі сымбалічную рэч: ўрачыста адкрыць тры першыя інфарамцыйныя шыльды вакол балота Грайна.
http://youtu.be/33HMKgs6t0E
Сем іншых, якія будуць інфармаваць мясцовых жыхароў і гасцей пра самых цікавых птушак Нёманскай Свіслачы, але ўжо ў Гродзенскім раёне, будуць усталяваныя ў бліжэйшы час.
Аляксандр Стрыга (Бераставіцкая раённая інспекцыя Міепрыроды) і Дзьмітрый Лебедзеў каля адкрытай імі шыльды, прысвечанай лебедзю-клікуну.
Людміла Фядотава (старшыня Эйсмантаўскага сельсавету) і Святлана Коўшык (уладальніца аграсядзібы "У вяртлявай чаротаўкі" , в.Ярмолічы) у адкрытай імі шыльды каля аграсядзібы.
Дзякуем усім, хто прычыніўся да рэалізацыі праекту і дапамог зрабіць светлую будучыню мясцовай прыроды больш прадказальнай.
Для www.birdwatch.by падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі, здымкі Таццяны Смыкоўскай
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
biot - 31.08.2014 - 18:07
Дзіма, а энтамалагічныя
Дзіма, а энтамалагічныя даследванні на тэррыторыі праводзіліся якія-небудзь? Мне здаецца, што там павінны быць нейкія ахоўваемыя віды таксама.
Harrier - 31.08.2014 - 21:30
In reply to Дзіма, а энтамалагічныя by biot
На жаль, не. Не знайшлі ці
На жаль, не. Не знайшлі ці не зацікавілі спецыялістаў. Але ў бліжэйшай будучыні гэта не галоўнае - асноўная праблема не недахоп рэдкіх відаў для заказніку, а невядома па якой прычыне высокі ўзровень вады на балоце.