Людзі перашкаджаюць птушанятам чуць бацькоў

Канадскія даследчыкі адкрылі, што шум ад разнастайнай дзейнасці чалавека можа перашкаджаць у нармальнай камунікацыі паміж птушанятамі і іх бацькамі. Ў той час, як птушаняты яшчэ не здольныя да самастойнага жыцця і нават не лятаюць, яны цалкам залежаць ад апекі бацькоў у ежы і ахове ад драпежнікаў, а першыя некалькі дзён таксама і ў падтрыманні адпаведнай тэмпературы цела. Гукавая камунікацыя ў гэты час дапамагае птушанятам у правільных дзеяннях: або прасіць у бацькоў ежу, або, наадварот – затойвацца і хавацца ад драпежнікаў. 

Група навукоўцаў з універсітэту Dalhousie (Halifax, Nova Scotia, Канада) знайшла, што пастаянны шум ад транспарта, будаўніцтва і іншых дзеянняў людзей можа парушаць жыццёва важны абмен гукавымі сігналамі паміж маладымі і дарослымі птушкамі. Такім чынам птушкам шкодзіць не толькі знішчэнне ці фрагментацыя іх месцаў пражывання, але і значная ўрбанізацыя без непасрэдных знішчэнняў прыродных элементаў. 

Своечасовая рэакцыя галодных птушанят на прылёт бацькоў з ежай павялічвае іх шанцы на атрыманне ежы, бо прыцягвае адпаведную ўвагу дарослых птушак. Аднак калі яны памыляцца і пачнуць актыўна выпрошваць ежу ў драпежніка замест бацькоў, гэта можа скончыцца трагічна для іх. 

У даследчыкаў была гіпотэза, што павялічаная частата галодных крыкаў гэта вынік навакольнага шума. Для таго, каб праверыць яе, даследчыкі прайгравалі птушанятам надрэўнай ластаўкі (Tachycineta bicolor) запісы голасу дарослых птушак двух тыпаў: папярэджанне пра прылёт з ежай і засцерагаючыя крыкі пра драпежніка побач. Запісы прайграваліся ў двух варыянтах: са значным узроўнем антрапагеннага шуму і без яго. Атрымалася, што шум перашкаджае птушанятам правільна ўспрымаць важную для іх гукавую інфармацыю ад бацькоў: як крыкі перасцярогі, так і гукі, якія папярэднічаюць кармленню. З-за таго, што інтэнсіўнасць або гучнасць гукавых паведамленняў бацькоў не змянялася ў шумным асяроддзі, іх птушаняты фактычна пазбаўляліся жыццёва важнай інфармацыі, якая дапамагала б ім дзейнічаць адпаведна сытуацыі: нюансы крыкаў бацькоў проста знікалі ў навакольным шуме. 

“Зразумела, што не толькі шум антрапагеннага паходжання перашкаджае птушанятам – гэта можа быць таксама моцны вецер ці дождж. Аднак гэта тыя гукі, якіх пазбегнуць немагчыма і яны не ўздзейнічаюць на птушанят пастаянна, ў адрозненне ад антрапагеннага шуму ў паселішчах чалавека ці каля дарог. Таму ігнараваць яго негатыўнае ўздзеянне на жыццё дзікіх птушак больш нельга” – сказаў Эндзі Горн (Andy Horn), адзін з даследчыкаў. 

Падобныя вынікі былі атрыманыя раней у Еўропе для дамовага вераб’я.

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.ironpaw.deviantart.com

 

На гэтую тэму:

Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў

ЧОРНЫЯ ДРАЗДЫ ПАДВЫШАЮЦЬ ГУК

У ПТУШАК АПІСАНЫ РАЗНАСТАЙНЫЯ КРЫКІ ТРЫВОГІ

”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных

НЕЗВЫЧАЙНАЕ АДКРЫЦЦЁ: ПТУШАНЯТЫ ВУЧАЦЬ ПАРОЛЬ, КАБ ІХ КАРМІЛІ БАЦЬКІ

ПРАЙГРАВАННЕ ГАЛАСОЎ ПТУШАК МОЖА ІМ ШКОДЗІЦЬ