”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных

    Навукоўцы з Эберыстуыфскага ўніверсітэту (Aberystwyth University) адкрылі, што некаторыя гарадзкія птушкі спяваюць з іншай танальнасцю, чым іх “вясковыя кузіны”. Напрыклад, вялікія сініцы цьюікаюць такім чынам, каб іх можна было пачуць у шумных гарадзкіх кварталах. Але іх “кузіны” з сельскай мясцовасці могуць успрымаць такія гукі як спевы прадстаўнікоў іншага віду птушак.

    Прааналізаваўшы запісы песень самцоў вялікіх сініц з 20 гарадоў Вялікабрытаніі, даследчыкі знайшлі, што птушкі з гарадзкіх папуляцый выконваюць іх на больш высокай танальнасці – такiм чынам яны лепш чутныя сярод шуму, які ўтварае чалавек і яго асяроддзе. Ў той жа час сініцы з пазагарадзкіх папуляцый не разумелі такіх сьпеваў, а гарадзкія птушкі – нізкатанальных песень “сельскіх” сініц.
    Самцы вялікіх сініц выконваюць свае песні для таго, каб абараніць тэрыторыю ад іншых самцоў свайго віду, а таксама прыцягнуць увагу партнэркі.
   Аспірантка Эмілі Мокфард (Emily Mockford) спачатку запісывала на дыктафон песні гарадзкіх сініц, а потым прайгравала іх сініцам у сельскай мясцовасці ў разгар гнездавога сезону – ў той час, калі самцы павінны быць найбольш агрэсіўнымі да пранікнення на сваю тэрыторыю іншых самцоў. Звычайна птушкі адразу агрэсіўна атакуюць крыніцу гука. Але сініцы як і да гэтага спявалі, рэакцыя іх на мікрафон была слабай.
    Такім жа чынам паводзілі сябе “гарадзкія” вялікія сініцы пад час прайгравання песень “сельскіх” сініц – яны не ўспрымалі іх як песні прадстаўнікоў свайго віду.
    Наступным крокам у даследаванні будзе спроба выявіць якіх самцоў будуць выбіраць самкі, якія жывуць у сельскай мясцовасці – гучных ці больш ціхіх.
Параўнаць запісы песень "гарадзкіх" і "сельскіх" вялікіх сініц (працягласцю 3 і 4 секунды адпаведна) можна тут: http://news.bbc.co.uk/2/hi/uk_news/wales/mid_/8079539.stm
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by
Здымак вялікай сініцы Дзьмітрыя Якубовіча.

Comments