З нечаканай заявай, цяпер выдаленай з афіцыйнага сайту, выступіла глабальная асацыяцыя BirdLife International. У заяве сцвярджалася, што ў Чырвоным Спісе наступнага, 2010 году, які BirdLife рыхтуе як афіцыйны Спіс Міжнароднага Звязу аховы прыроды (IUCN), асацыяцыя больш не будзе выдзяляць шатландзкага крыжадзюба Loxia scotica за асобны від птушак.
Заява была падрыхтаваная як вынік абмеркаванняў на форуме хутчэй, чым як афіцыйны прэс-рэліз і сцвярджае наступнае: “Працоўная група па таксаноміі BirdLife (Taxonomic Working Group) будзе выкарыстоўваць падыход AOU (Амерыканскага орніталагічнага звязу) і прызнаваць толькі адзін від крыжадзюба-яловіка (Loxia curvirostra), таму што яго папуляцыі не адрозніваюцца нагэтулькі ні вакальна, ні марфалагічна ці генетычна на такім узроўні, каб забяспечыць дастатковую базу для прызнання іх рознымі відамі”.
І хаця праз нейкі час прадстаўнікі асацыяцыі заявілі, што гэта пакуль не ёсць афіцыйнай пазіцыяй, аднак цяпер таксанамічнае становішча – як і ахоўны статус – шатландзкага крыжадзюба можа быць пастаўлены пад сумнеў, што разыходзіцца з падыходам многіх прыродаахоўных арганізацый за выключэннем менавіта Амерыканскага орніталагічнага звязу. Прадстаўнікі звязу лічаць вельмі імаверным, што вылучаемыя раней як мінімум 9 відаў паўночна-амерыканскага крыжадзюба-яловіка ёсць насамрэч толькі адным відам.
Аднак толькі два гады таму выйшла праца звязаных з RSPB даследчыкаў (Summers et al 2007), якая цяпер шырока цытуецца як апраўданне і падстава для таго, каб працягваць лічыць тры віды крыжадзюбаў (і ў тым ліку шатландзкага) сапраўды існуючымі ў прыродзе таксонамі. Ў ёй, акрамя нязначных адрозненняў у песні, прыводзяцца дадзеныя пра асартатыўнае размнажэнне усіх трох відаў крыжадзюбаў, якія сустракаюцца сімпатрычна на Брытанскіх астравах, а таксама пра экалагічную спецыялізацыю і біяметрыю (якая, аднак, часткова перакрываецца). /Асартатыўнае размнажэнне (Assortative mating) – скрыжаванне паміж асобінамі аднаго віду ва ўмовах, калі ёсць магчымасць скрыжавання з блізкімі відамі/. Менавіта асартатыўнае размнажэнне забяспечвае рэпрадуктыўную ізаляцыю і ёсць індыкатарам відавога статуса паводле біялагічнай канцэпцыі віду, якой прытрымліваецца асацыяцыя BirdLife пад час прыняцця сваіх таксанамічных рашэнняў. У дадатку да апісання гэтай канцэпцыі, BirdLife нават “прызнае, што значная частка святовай авіфауны … патрабуе перагляду /таксанамічнага статусу/ як вынік “пеараб’яднанняў”.
Як адзіны від-эндэмік Брытанскіх астравоў, шатландзкі крыжадзюб быў “іконай” прыродаахоўных арганізацый і важнай прычынай захавання вялікіх масіваў каледонскай сасны. Цяжкасці з адрозненнем віду ў палявых умовах дазволілі некаторым орнітолагам і бёдуотчарам выказаць сумневы ў яго відавым статусе. Аднак усе нядаўнія публікацыі прытрымліваюцца менавіта старага падыходу.
Каралеўскае таварыства абароны птушак RSPB, (партнёр BirdLife у Вялікабрытаніі), выказала жаль і расчараванне з –за такога меркавання асацыяцыі. Таму што ўласныя даследаванні таварыства не толькі пацвердзілі, што шатландзкі крыжадзюб з’яўляецца “добрым відам”, але і таму, што не задоўга да гэтага BirdLife зацвердзіў папярэдні план мерапрыемстваў па ахове віду. Акрамя гэтага эндэмічны крыжадзюб дапамагае прыцягваць рэсурсы для стварэння рэзэрватаў у шатландзкіх гарах Highlands.
З-за таго, што контраверсіўная заява BirdLife была знята з сайта асацыяцыі, ёсць надзея, што асацыяцыя будзе працягваць лічыць шатландзкага крыжадзюба “сапраўдным” відам і дапаможа ў новых даследаваннях таксонаміі крыжадзюбаў.
Здымак з www.rspb-images.com
Паводле www.birdwatching.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ