Новыя выкапневыя птушкі з Кітаю лепш асвятляюць гісторыю станаўлення класу

Кітайскія палеантолагі па двух выкапневых адпячатках апісалі новы род і від адных з самых ранніх птушак, якія жылі на нашай планеце каля 130,7 мільёнаў гадоў таму. 

На аснове датавання навакольных горных пародаў утрыманнем ізатопаў аргона 40Ar/39Ar, у якіх былі знойдзены выдатна захаваныя літаграфіі Archaeornithura meemannae, гэты від ёсць найбольш раннім вядомым прадстаўніком клады Ornithuromorpha, ад якой паводле апошніх уяўленняў паходзяць усе сучасныя птушкі і якая яшчэ не мае дакладнага таксанамічнага статусу. 

Адначасова гэтыя знаходкі адсоўваюць на як мінімум 5-6 мільёнаў гадоў з’яўленне гэтай групы ранніх птушак.

Птушкі аддзяліліся ад дыназаўраў прыкладна 150 мільёнаў гадоў таму на прыканцы юрскага перыяду. Менавіта такі ўзрост маюць знаходкі знакамітага археаптэрыкса – першай птушкі, якую, аднак, многія лічаць пераходнай формай і апераным дыназаўрам 

Філагенетычнае дрэва самых ранніх птушак. Малюнак з www.nature.com

Прыкладна праз 20 мільёнаў гадоў, калі новаапісаная кулікападобная птушка жыла там, дзе цяпер знаходзіцца Паўночна-Усходні Кітай, палеантолагі думаюць, што ўжо існавала даволі вялікая разнастайнасць і іншых відаў птушак.  

Прыкладна палова з гэтых ранніх відаў птушак была прадстаўнікамі адгалінавання, якое мае назву Enantiornithes, - гэта птушкі з зубамі і кіпцюрамі на пальцах крыла, якія пазней цалкам вымерлі. Іншая палова відаў, уключна з новаапісаным відам, называецца Ornithuromorpha – група, ад якой непасрэдна вядуць пачаткі сучасныя птушкі і якія дагэтуль вельмі на іх падобныя. 

Да гэтай знаходкі найбольш ранні вядомы прадстаўнік Ornithuromorpha быў Protopteryx fengningensis, парэшткі якога мелі ўзрост у 125 мільёнаў гадоў.

Літаграфічная выява новаапісанага віду.

Два адпячаткі шкілетаў з пер'ем новаапісаных птушак былі знойдзены ў даліне ракі Sichakou ў правінцыі Hebei.

Дзякуючы добрай захаванасці літаграфій, атрымалася даведацца пра многія важныя дэталі будовы новага віду. Птушка была каля 15 см у вышыню, мела параўнальна доўгія ногі, якія былі неапераныя, што кажа пра яе кулікападобны лад жыцця. Будова і памер розных костак шкілету пацверджваюць яе здольнасць да хуткага і манеўранага палёту.

Паводле www.bbc.com і www.nature.com (малюнак-рэканструкцыя выгляду і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

ДЫНАЗАЎРЫ МУСІЛІ МОЦНА ЗМЕНШЫЦЦА, КАБ СТАЦЬ ПТУШКАМІ

КРЫЛЫ ДЫНАЗАЎРАЎ УЗНІКЛІ ДЛЯ ШЛЮБНЫХ ПАКАЗАЎ

Крэўны тыраназаўра – самая вялікая апераная істота на Зямлі

ЯК ВЫКАРЫСТОЎВАЛІ ПЕР’Е ДЫНАЗАЎРЫ?

НОВЫ ДЫНАЗАЎР ДАПАМАГАЕ ЗРАЗУМЕЦЬ ЯК ПАЎСТАЛА КРЫЛО ПТУШАК 

Знойдзены парэшткі “чатырохкрылага” дыназаўра

Новыя віды выкапнёвых птушак

АПІСАНА САМАЯ ВЯЛІКАЯ ПТУШКА, ЯКАЯ КАЛІ-НЕБУДЗЬ ЛЯТАЛА 

Птушкі Марока з пліяцэну

Знойдзены парэшткі пелікана, якому 30 мільёнаў гадоў